Удзельнікі злачыннай групы, якая выкрала больш за 8 млн еўра з банкаўскіх карт, затрыманы ў Беларусі

15.03.2017
Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Еўрапала, Сакрэтнай службы ЗША і паліцыі Кіпра перарвана дзейнасць арганізаванай злачыннай групы, ахвярамі якой сталі больш за 130 тысяч утрымальнікаў плацежных карт з 29 краін. 

Злачынная група займалася кампраметацыяй крэдытных карт з выкарыстаннем камп'ютэрных тэхналогій і шкодных праграм. Для гэтых мэт былі створаны некалькі падстаўных анлайн-магазінаў і фіктыўная кампанія па распрацоўцы праграмнага забеспячэння. 

Кіберзлачынцы звязваліся з легальнымі плацежнымі анлайн-сервісамі і імітавалі правядзенне шматлікіх міжнародных транзакцый. У далейшым выкрадзеныя сродкі пераводзіліся на банкаўскі рахунак на Кіпры. Дзякуючы вялікаму ліку транзакцый з маленькімі сумамі, звязаных з інтэрнэт-сервісамі, ім некалькі месяцаў удавалася заставацца незаўважанымі.

Сума нанесенага ўрону складае больш за 8 мільёнаў еўра. Чатыры ўдзельнікі групы, уключаючы лідэра, былі вызначаны і затрыманы праваахоўнымі органамі Беларусі.

У цяперашні час судом Фрунзенскага раёна г. Мінска ў ходзе разбораў па гэтай справе аднаму з фігурантаў быў вынесены прыгавор у выглядзе пазбаўлення свабоды тэрмінам на сем год.

У ходзе расследавання Еўрапал арганізоўваў аператыўныя нарады ў Гаазе, а таксама дапамагаў аналітычнай інфармацыяй і зборам заяў пацярпелых. 

«Дадзеная справа – чарговае пацвярджэнне таму, што поспех расследавання злачынстваў у сферы інфармацыйных тэхналогій залежыць ад узаемадзеяння на міжнародным узроўні. Выказваем падзяку еўрапейскім праваахоўнікам, у тым ліку Кіпра, за іх уклад ва ўстанаўленне абставін кібермахлярства» – адзначыў начальнік упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці Следчага камітэта Аляксандр Сушко.