Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Атрымана інфармацыя аб сувязі шэрага НДА і СМІ з ценявым рухам фінансавых сродкаў

16.07.2021
Следчым камітэтам прадаўжаецца расследаванне шэрага крымінальных спраў аб злачынствах, якія ў той ці іншай ступені звязаны з пратэснай дзейнасцю: у тым ліку крымінальныя справы адносна членаў пазбаўленага рэгістрацыі грамадскага аб'яднання "Вясна", паведаміў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Уладзімір Шышко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У ходзе расследавання названых крымінальных спраў атрымана дакладная інфармацыя аб дачыненні кіраўнікоў і работнікаў шэрага недзяржаўных арганізацый і аб'яднанняў, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі да ценявога руху значных фінансавых сродкаў, у першую чаргу тых, што паступаюць з-за мяжы, нявыплаты падаткаў і фінансавання рознай пратэснай актыўнасці насельніцтва Беларусі. Калі гаварыць аб гэтым больш дэталёва, то мы вядзём размову аб дзейнасці па зборы асоб у канкрэтных месцах для ажыццяўлення групавых проціпраўных дзеянняў, аплаце адміністрацыйных спагнанняў, накладзеных за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах, арганізацыі і правядзенні семінараў па пытаннях процідзеяння праваахоўным органам і іншае", - расказаў Уладзімір Шышко.

Паводле яго слоў, для дадатковай праверкі інфармацыі аб дачыненні да ўказаных незаконных дзеянняў членаў недзяржаўных арганізацый 14-15 ліпеня праведзены вобыскі па месцах жыхарства гэтых грамадзян і размяшчэння офісаў іх арганізацый.

"У ходзе далейшага расследавання крымінальных спраў канфіскаваныя ў час вобыскаў прадметы, дакументы і інфармацыя будуць агледжаны і прааналізаваны, па выніках чаго будзе дадзена адпаведная прававая ацэнка. Ужо цяпер можна сказаць, што наяўная першапачаткова інфармацыя аб дачыненні шэрага арганізацый і яе членаў да незаконнай дзейнасці знайшла сваё пацвярджэнне", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Як дадалі ў СК, прадаўжаецца расследаванне крымінальнай справы ў адносінах да Андрэя Аляксандрава. Устаноўлена, што ён займаўся заборам грашовых сродкаў, перададзеных у выглядзе закладак у тайніках ад прадстаўнікоў арганізацый BY_help і BYSOL, аплатай штрафаў, паслуг адвакатаў і іншых расходаў асоб, звязаных з іх удзелам у пратэснай дзейнасці, у тым ліку з выкарыстаннем раней перададзеных ім банкаўскіх плацежных картак замежных банкаў. Следствам устаноўлена не менш за 700 фактаў такой аплаты.

"Следствам атрыманы доказы, што злачынны намер Аляксандрава быў накіраваны на аказанне дапамогі замежным арганізацыям Linking Media (BY_help) і Stichting Belarus Solidarity Foundation (BYSOL) у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, а менавіта асноўным нацыянальным інтарэсам краіны ў палітычнай сферы - у выглядзе ўстойлівага развіцця дэмакратычнай, прававой, сацыяльна адказнай дзяржавы; забеспячэння эфектыўнага функцыянавання дзяржаўных інстытутаў у інтарэсах грамадства, пазіцыянавання Беларусі за мяжой у якасці дэмакратычнай прававой дзяржавы, адказнага і прадказальнага партнёра, донара міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі; у інфармацыйнай сферы - у выглядзе рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi; у сацыяльнай сферы - у выглядзе забеспячэння грамадскай бяспекі і бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва, зніжэння ўзроўню злачыннасці і крыміналізацыі грамадства", - адзначылі ў ведамстве.

Акрамя таго, устаноўлены сумы налічаных ганарараў грамадзяніну Беларусі Валянціну Жданко як супрацоўніку кампаніі Radio Free Europe за яго журналісцкую дзейнасць у перыяд з 2017 па 2020 год - яны вар'іраваліся ад $2 тыс. да $23 тыс. Сумарна за названы перыяд яму было налічана больш за $230 тыс.

Крыніца: БелТА