Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў: УСК па Віцебскай вобласці аб прыкладах крадзяжоў грашовых сродкаў

27.09.2020
У апошні час у Віцебскай вобласці пачасціліся выпадкі крадзяжоў грашовых сродкаў з выкарыстаннем плацёжных банкаўскіх карт і сацыяльных сетак.

Вішынг - форма махлярства, калі злачынцы, выкарыстоўваючы тэлефон, прадстаўляюцца, напрыклад, супрацоўнікамі банка, і пад рознымі падставамі выманьваюць персанальныя дадзеныя плацёжных банкаўскіх карт, каб выкрасці грашовыя сродкі.

Яшчэ адным спосабам завалодання рэквізітамі банкаўскіх плацёжных карт з'яўляецца фішынг. Невядомыя асобы рассылаюць людзям электронныя паведамленні, у якіх змяшчаецца спасылка на сайт, вонкава неадрозны ад сапраўднага. Калі карыстальнік трапляе на падробленую старонку, ашуканцы падахвочваюць яго ўвесці на ёй свае лагін і пароль да вызначанага сайту, што дазваляе ім атрымаць доступ да акаўнтаў і банкаўскіх рахункаў.

За 8 месяцаў бягучага года ў Віцебскай вобласці следчымі распачата 878 крымінальных спраў (за 8 месяцаў 2019 года — 474) па арт. 212 (крадзёж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і 194 крымінальныя справы (за аналагічны перыяд 2019 года — 152) па арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Так, 11 верасня 2020 года жыхарка Віцебска зайшла на падроблены сайт інтэрнэт-банкінгу, дзе ўвяла дадзеныя і пароль сваёй плацёжнай банкаўскай карты. У выніку  з карт-рахунку жанчыны выкралі ўсе грашовыя сродкі, якія знаходзіліся на ёй, - больш за 360 рублёў. Па дадзеным факце распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У пачатку верасня бягучага года невядомыя асобы патэлефанавалі віцябчаніну на мабільны тэлефон і прадставіліся супрацоўнікамі банка. Пад час размовы пацярпелы распавёў ім, якому банку належыць карта, а таксама падаў рэквізіты, тэрмін дзеяння і СVV-код сваёй плацёжнай банкаўскай карты. У выніку з карт-рахунку пацярпелага было выкрадзена больш за 96 рублёў. Распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У красавіку цяперашняга года да старонкі дзяўчыны ў сацыяльнай сетцы невядомыя асобы атрымалі доступ і ажыццяўлялі ад яе імя перапіску з мэтай завалодання грашовымі сродкамі. Знаёмая ўладальніцы старонкі ўбачыла паведамленне з просьбай аказання дапамогі і, не пераканаўшыся, што іх піша менавіта яе сяброўка, падала рэквізіты сваёй плацёжнай банкаўскай карты. У выніку з карт-рахунка былі выкрадзены грашовыя сродкі. Па дадзеным факце распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 212 і ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія аб'яднаны ў адну вытворчасць.

Жыхар Віцебска размясціў аб'яву аб продажы тавару ў Інтэрнэце. З ім у пачатку верасня з дапамогай перапіскі ў мэсэнджары звязаўся “пакупнік”, які, атрымаўшы рэквізіты плацёжнай банкаўскай карты прадаўца, пад падставай аплаты тавару скраў з карт-рахунку грашовыя сродкі ў памеры 570 рублёў. Распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

На сённяшні дзень ашуканцы працягваюць прыдумваць розныя спосабы крадзяжоў грашовых сродкаў, а грамадзяне ў многіх выпадках праяўляюць залішнюю даверлівасць і няўважлівасць. Каб зберагчы сябе ад кіберзлачынцаў, следчыя рэкамендуюць:

  • калі вам прыйшло паведамленне пра тое, што вы выйгралі прыз, удзельнічаючы ў конкурсе (але вы не ўдзельнічалі ні ў якім конкурсе), — не пераходзьце па няпэўных спасылках, не давайце свае лагін і пароль ад персанальных старонак у сацыяльных сетках;
  • калі да вас у сацыяльных сетках са старонак вашых знаёмых звярнуліся з просьбай аб дапамозе ў пераводзе грашовых сродкаў з выкарыстаннем вашай плацёжнай банкаўскай карты — будзьце ўважлівыя! Першапачаткова пераканайцеся, што ваш знаёмы сапраўды мае патрэбу ў дапамозе (патэлефануйце гэтаму чалавеку, задайце суразмоўцу такое пытанне, адказ на якое будзеце ведаць толькі вы). Гэта неабходна для таго, каб пераканацца, што акаўнт (старонка) вашага знаёмага чалавека не узламаны і ён сапраўды мае патрэбу ў дапамозе;
  • калі знайшлі плацёжную банкаўскую карту, то не выкладвайце яе фатаздымак з рэквізітамі ў сацыяльных сетках (гэтым могуць скарыстацца зламыснікі), аднясіце знойдзеную карту ў банк;
  • не паведамляйце пін-коды ад плацёжных банкаўскіх карт трэцім асобам;
  • пастарайцеся не выкарыстоўваць Wi-Fi ў грамадскіх месцах для ўваходу ў прыкладанне інтэрнэт-банкінгу і аплаты паслуг у сетцы Інтэрнэт (гэтым могуць скарыстацца зламыснікі);
  • калі вам прыйшло паведамленне аб неабходнасці выплаты штрафу за прагляд якога-небудзь відэафайла або сайта ад імя праваахоўнікаў — не перакладайце грашовыя сродкі. Першапачаткова варта звярнуцца ў праваахоўныя органы і ўдакладніць, ці сапраўды гэта так;
  • выкарыстоўвайце складаныя паролі і не захоўвайце іх у браўзерах;
  • не пераходзьце па падазроных спасылках і не адкрывайце падазроныя лісты і ўкладанні да іх;
  • не перадавайце дадзеныя плацёжнай банкаўскай карты, у тым ліку ў ходзе перапіскі ў Інтэрнэце або па тэлефоне, асобам, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка. У супрацоўнікаў банка няма неабходнасці тэлефанаваць вам з просьбай зверыць дадзеныя і паролі вашых плацёжных банкаўскіх карт;
  • ажыццяўляйце аплату ў Інтэрнэце толькі на правераных рэсурсах.
Следчыя заклікаюць грамадзян да праявы пільнасці і абачлівасці! Падзяліцеся гэтай інфармацыяй са сваімі сябрамі, роднымі і блізкімі.


Афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці
Аксана Лазько
Фота мае ілюстрацыйны характар