Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Следчага камітэта

21.02.2019
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцярог праваахоўнікаў ад раскрыцця крымінальных спраў шляхам прыцягнення да адказнасці невінаватых людзей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, прымаючы з дакладам старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Апошнім часам, асабліва ў сувязі з гэтымі ўрачамі і тымі нягоднікамі, якія кармілі ў школах і абабіралі дзяцей, такія хвалі ў грамадстве: "вось, напэўна, не трэба было б саджаць урачоў". Усе перад законам роўныя, але пры гэтым трэба мець на ўвазе адно: ні Гасподзь, ні людзі нам не даруюць, калі мы пакараем невінаватага. Калі мы не можам даказаць, лепш не чапаць гэтага чалавека. Калі ён нягоднік - ён усё роўна пападзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму ні ў якім разе нельга пакрыўдзіць невінаватага чалавека".

Прэзідэнт заўважыў, што ў былыя часы, асабліва ў савецкія гады, міліцыя працавала па прынцыпе - толькі б раскрыць злачынства. "Ды няхай яно будзе лепш нераскрытым, чым мы яго раскрыем і павесім віну на чалавека невінаватага. Вось гэта павінны ўсе людзі разумець. І дзе б вы ў калектывах ні бывалі, вы павінны аб гэтым гаварыць. Але калі мы цвёрда ўпэўнены, што ён учыніў злачынства, мала не падасца. Асабліва чыноўнік, чалавек у пагонах (гэта адно і тое ж фактычна) - ім трэба памнажаць на два", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як цяпер будуецца работа Следчага камітэта і ці існуюць у дзейнасці ведамства недахопы. Іх, падкрэсліў Прэзідэнт, трэба ўстараняць. "Я вельмі ўважліва сачу за работай Следчага камітэта. Зразумела, перажываю, таму што мы ў свой час пайшлі на вельмі рашучыя крокі, мадэрнізуючы і фактычна рэфармуючы нашы праваахоўныя органы. Следства выведзена з усіх ведамстваў і займае асобнае, лідзіруючае месца, таму што вы на фінішы, вы выдаяце вынік", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што па шляху рэформ следчых органаў пайшлі многія краіны, у тым ліку Расія, Казахстан і Украіна. Аднак дабіцца паказальных вынікаў ім не ўдалося. "Але мы цвёрда прынялі рашэнне і рухаемся гэтым курсам: следства павінна быць незалежным, калі мы хочам пэўных і эфектыўных вынікаў, - перакананы кіраўнік дзяржавы. - Я разгледзеў ваш зварот наконт Інстытута павышэння кваліфікацыі. Я не прымаў рашэнне. Як звычайна, я хачу пачуць альтэрнатыву, калі яна ёсць. Па выніках будзе прынята рашэнне. Калі будзе альтэрнатыва, зразумела, мы яе з вамі абмяркуем".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у бліжэйшы час пройдзе нарада аб рабоце ўсяго сілавога блока ў краіне, на ёй будзе падрабязна разгледжана работа следчага ведамства ў тым ліку. Адміністрацыя Прэзідэнта ўжо рыхтуе гэта мерапрыемства. "Мы там больш увагі засяродзім на тым, што нам трэба будзе зрабіць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Іван Наскевіч, Следчы камітэт у мінулым годзе сканцэнтраваў усе свае намаганні ў першую чаргу на аб'ектыўным і ўсебаковым расследаванні крымінальных спраў, недапушчэнні прыцягнення да адказнасці невінаватых асоб. "Я магу з усёй упэўненасцю сказаць, што пэўных поспехаў у гэтым дабіліся", - заявіў ён.


Старшыня Следчага камітэта пасля даклада Прэзідэнту Беларусі расказаў журналістам аб ходзе расследавання забойства бізнэсмена пад Беразіно.

«У нас ёсць вельмі сур'ёзныя зрухі ў раскрыцці гэтага злачынства. Пасля правядзення яшчэ невялікага ліку пэўных аператыўных мерапрыемстваў і следчых дзеянняў для замацавання ўжо існуючай у нас інфармацыі, супольна з МУС мы ўжо агалосім вынікі расследавання. Заявім грамадскасці пра тое, што па гэтай крымінальнай справе ведаем, якія перадумовы яго здзяйснення, кім і як яно здзейснена. Грамадству будзе даведзена ўся патрэбная інфармацыя. Гэта будзе ўжо даволі хутка. 

Гэта крымінальная справа стала не проста рэзанаснай, але знакавай для краіны. Таму што злачынства здзейснена вельмі яўна, прылюдна, з ужываннем агнявой зброі, са знішчэннем аўтамабіля. Загінуў бізнэсмен. Гэтай справе было нададзена, у тым ліку праз СМІ, вельмі сур'ёзнае значэнне. І кіраўнік дзяржавы рэгулярна і ў міністра ўнутраных спраў, і ў мяне патрабуе справаздачы аб выніках праведзенай працы» – адзначыў Іван Наскевіч. 

Апроч таго, была паведамлена актуальная інфармацыя па справе аб двайным забойстве ў Стоўбцах.

«Па гэтай крымінальнай справе праведзены ўжо вялікі аб'ём следчых дзеянняў. Практычна карціна здарэння нам ясная. Для следчых у цяперашні момант галоўнае заданне высветліць не як гэта адбылося (гэта ўжо і так зразумела), а чаму гэта адбылося. У пэўнай ступені некаторыя адказы ў нас ужо ёсць са сведчанняў самага падазронага. Пасля трох дзён маўчання ён пачаў даваць паказанні. Хоць мы пакуль вельмі крытычна ставімся да таго, што ён кажа, бо паказанні яго не заўсёды суадносяцца з аб'ектыўнай карцінай здарэння.

З дапамогай наяўных у нас навукова-тэхнічных сродкаў намі атрыманы доступ да яго мабільнага тэлефона, інфармацыю з якога ён перад тым, як пайсці на гэты крок, старанна падчысціў. Фактычна выдаліў усе запісы з мабільнага тэлефона, а таксама з хатняга кампутара. Мы зараз гэтай інфармацыяй валодаем. Я не стану пакуль раскрываць у інтарэсах следства, што ў гэтым тэлефоне было. Але гэта ў некаторай ступені пралье святло на матываванне яго дзеянняў» – паведаміў Іван Наскевіч.

Па матэрыялах БЕЛТА


Апытанне Усе апытанні

Якія з прапанаваных змен у Крымінальны кодэкс Вы вітаеце?