Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Следчым камітэтам распачата крымінальная справа пра вываз беларусак у Ізраіль для прастытуцыі

23.07.2018
Вясной 2018 года супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі ўстанавілі, што на тэрыторыі рэспублікі пражывае грамадзянін Ізраіля, які вярбуе дзяўчат з мэтай іх наступнага вывазу ў гэтую краіну для занятку прастытуцыяй.

У рамках арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва аператыўная інфармацыя была накіравана калегам з ізраільскай паліцыі, прадстаўнікі якой у хуткім часе прыбылі ў Мінск для абмеркавання далейшых сумесных мерапрыемстваў па спыненні супрацьпраўнай дзейнасці.

«Вынікам узаемадзеяння праваахоўнікаў дзвюх дзяржаў стала праведзеная ў ліпені гэтага года на тэрыторыях Ізраіля і Беларусі аперацыя па затрыманні шасці чалавек, якія маюць дачыненне да арганізацыі секс-бізнесу, у тым ліку і 57-гадовага грамадзяніна Ізраіля, затрыманага 20 ліпеня ў Мінску. Ён арыштаваны. У цяперашні момант вядома пра пяць нашых суайчынніц, вывезеных ім з краіны для аказання інтымных паслуг», - распавёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Дзмітрый Цаюн.

Патэнцыйных «жрыц кахання» фігурант шукаў у сацыяльных сетках і на сайтах знаёмстваў: перапісваўся з дзяўчатамі, вывучаў іх характары і прапаноўваў прыдатным кандытаткам высокааплатную працу за мяжой. Ён не хаваў, што ім давядзецца займацца прастытуцыяй, аднак некаторую інфармацыю не дамаўляў, падманам змушаючы жанчын прыняць станоўчае рашэнне. Тых, хто даваў сваю згоду, ён старанна інструктаваў і тлумачыў, як ня выклікаць падазрэнняў пры ўездзе на тэрыторыю замежнай дзяржавы. Праязныя білеты для беларусак набываліся ў Ізраілі. Там жа ішло афармленне ўсіх неабходных дакументаў. Гэтую частку працы выконвалі змоўшчыкі мужчыны. Акрамя таго, яны адказвалі за сустрэчу і размяшчэнне жанчын, якія прыбылі, а таксама кантралявалі «рэжым працы» іх і своечасовую здачу «выручкі».

«У нас ёсць падставы меркаваць, што для занятку прастытуцыяй затрыманыя прыцягвалі не толькі ўраджэнак Беларусі, але і жыхарак Расіі і Украіны», - адзначыў Дзмітрый Цаюн.

Cледчым упраўленнем УСК па г. Мінску па матэрыялах праверкі УНіСГЛ КМ ГУУС Мінгарвыканкама ў дачыненні да 57-гадовага грамадзяніна Ізраіля ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 171 (выкарыстанне заняцця прастытуцыяй iншай асобай, звязанае з вывазам за межы дзяржавы асобы для заняцця прастытуцыяй) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Да падазраванага прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Прымаюцца меры па адшуканню маёмасці фігуранта, якая падлягае арышту. Таксама органам дазнання па даручэнні следчага праведзены ператрусы па месцы пражывання і рэгістрацыі падазраванага. У ходзе расследавання будзе правярацца дачыненне мужчыны да іншых фактаў супрацьпраўнай дзейнасці, звязанай з пошукам дзяўчат для аказання імі платных інтымных паслуг за межамі Рэспублікі Беларусь.

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь



Апытанне Усе апытанні

Калі вы выпадкова знойдзеце зброю або боепрыпасы, што вы зробіце?