Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Следчым камітэтам завершана расследаванне маштабнай справы аб махлярстве, звязаным з продажам нерухомасці

17.02.2020
Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы аб махлярстве, узбуджанай па матэрыялах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь.

Па дадзеных следства, 46-гадовы мінчанін у перыяд з 2008 па 2011 год знаёміўся з асобамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, і прапаноўваў ім сваю дапамогу ў продажы кватэр. Абвінавачаны ўводзіў у зман пацярпелых, абяцаючы дапамагчы прыватызаваць і прадаць аб'екты нерухомасці, а таксама набыць іншае жыллё меншым коштам і забяспечыць належны разлік пры ажыццяўленні здзелак.

Для большай пераканаўчасці, ён перадаваў уладальнікам кватэр частку грашовых сум, аказваў дапамогу ў перарэгістрацыі грамадзян у іншыя жылыя памяшканні. Пасля афармлення продажу, разлік з прадаўцом не рабіўся, альбо выконваўся часткова. Такім чынам абвінавачаны завалодаў трыма кватэрамі, размешчанымі ў Мінску і Мінскай вобласці.

У 2014 годзе за ўчыненне аналагічных дзеянняў мінчанін быў асуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі. Пазней следствам было ўстаноўлена, што ён, знаходзячыся ў папраўчай установе, працягнуў злачынную дзейнасць пад выглядам аказання рыэлтарскіх паслуг.

Згодна з матэрыяламі справы, у ходзе размовы ён даведваўся інфармацыю пра асоб, якія адбывалі разам з ім пакаранне і хацелі прадаць нерухомасць. Каб схаваць свой удзел у ашуканскай схеме, ён працягнуў супрацьпраўную дзейнасць у складзе арганізаванай групы з 49-гадовым мужчынам, які працаваў у агенцтве нерухомасці.

Мінчанін пераконваў асуджаных, што яго знаёмы акажа ім дапамогу ў рэалізацыі нерухомасці. Для гэтага «кліенты» афармлялі даверанасці на яго «кампаньёна-рыэлтара» на права распараджэння усёй маёмасцю пацярпелых. У далейшым, карыстаючыся атрыманым правам, ён прадаваў аб'екты нерухомасці і завалодваў атрыманымі ад продажу грашовымі сродкамі, альбо перарэгістраваў нерухомасць на сябе ці падкантрольных асоб.

У 2015 годзе мінчанін быў вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з актам амністыі, пасля чаго працягнуў ажыццяўляць супрацьпраўную дзейнасць у складзе арганізаванай групы. Такім чынам абвінавачаныя завалодалі чатырма кватэрамі і грашовымі сродкамі грамадзян на агульную суму больш за 400 тысяч рублёў.

У далейшым з мэтай легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, мінчанін стварыў таварыства з абмежаванай адказнасцю. Пры гэтым на першапачатковым этапе працы арганізацыі цалкам адсутнічалі легальныя крыніцы фінансавання.

Следчымі праведзены вялікі аб'ём працы ў мэтах ўстанаўлення ўсіх абставінаў супрацьпраўных дзеянняў. Так, у рамках расследавання праведзена больш за 100 допытаў сведак і пацярпелых. У мэтах забеспячэння кампенсацыі ўрону накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных (у тым ліку кватэры, дамы, зямельныя ўчасткі, дарагія аўтамабілі) на агульную суму больш за 480 тысяч рублёў.

Па выніках расследавання 46-гадоваму мінчаніну прад'яўлена абвінавачанне па ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае паўторна, у адмыслова буйным памеры), ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай паўторна ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 235 (легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Яго 49-гадоваму знаёмаму прад'яўленае абвінавачванне па ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай паўторна ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах у сувязі са станам здароўя.

Расследаванне завершана. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

Аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю