Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

У Магілёве выкладчык універсітэта абвінавачваецца ў атрыманні хабару ад студэнтаў

20.06.2019
Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па матэрыялах АБЭЗ Кастрычніцкага РАУС г.Магілёва ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да 53-гадовай жанчыны, выкладчыцы адной з дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў Магілёва, якая абвінавачваецца ў атрыманні хабару ад студэнтаў.

Па дадзеных следства, 3 чэрвеня цяперашняга года выкладчыца, знаходзячыся ў сваім кабінеце, атрымала ад студэнтаў адной з груп хабар ў памеры 690 рублёў за спрыяльнае рашэнне пытання аб здачы заліку. Такса, устаноўленая выкладчыкам, маладым людзям была вядомая ад навучэнцаў старшых курсаў - ад кожнага студэнта па 30 рублёў. Праз два дні жанчына прыняла залік па дысцыпліне, якую выкладала ў групе, і выставіла студэнтам «залічана» у залікова-экзаменацыйную ведамасць і заліковыя кніжкі.

Дзеянні жанчыны кваліфікаваны па ч.1 арт. 430 (атрыманне хабару) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да яе прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Следчымі праведзены допыт абвінавачванай, працягваюцца допыты сведак. У ходзе вобыску па месцы жыхарства выкладчыцы выяўлена і канфіскавана больш за 16 тысяч долараў ЗША. Па канфіскаваных грашовых сродках прызначана судовая тэхнічная экспертыза. Працягваецца правядзенне неабходных следчых дзеянняў, накіраваных на ўстанаўленне іншых фактаў проціпраўнай дзейнасці абвінавачванай.

Справочно: Згодна з заўвагай да артыкула 431 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў дачыненні да яе мела месца вымаганне хабару, або калі гэта асоба пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб учыненым.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці
Анастасія Лаўрыновіч