Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

УСК па Брэсцкай вобласці праводзіцца праверка па факце атручэння студэнтаў курыльнымі сумесямі

16.09.2014
Упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці праводзіцца праверка па факце атручэння курыльнымі сумесямі чатырох студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С.Пушкіна. 

У ходзе праверкі вызначана, што 15 верасня 2014 года юнакі ва ўзросце ад 18 да 21 года, знаходзячыся ў адным з інтэрнатаў дадзенай ВНУ, выкарысталі курыльную сумесь, якая па асноўнай версіі з'яўляецца "спайсам", пасля чаго ў непрытомным стане былі знойдзены іншымі студэнтамі, якія выклікалі хуткую медыцынскую дапамогу. Студэнты з прыкметамі атручэння былі дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзе ім была аказана кваліфікаваная дапамога медыцынскімі работнікамі. На гэты момант жыццю студэнтаў нічога не пагражае. 

Следствам высвятляюцца ўсе абставіны адбытага. Апытваюцца сваякі студэнтаў, іх знаёмыя, медыцынскі персанал бальніцы, работнікі інтэрната. Выняты медыцынскія дакументы. У цяперашні час прызначана судова-біялагічная экспертыза, якая ўстановіць дакладны від псіхатропнага рэчыва, выкарыстанага студэнтамі.   

Следчы камітэт звяртаецца да бацькаў з просьбай аб неабходнасці правядзення размоў з дзецьмі і падлеткамі ў сем'ях, звяртае ўвагу на рэальную пагрозу жыццю чалавека пры спажыванні забароненых рэчываў і крымінальную адказнасць за іх абарот.