Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Віцебскія следчыя папярэджваюць: пачасціліся выпадкі завалодання рэквізітамі банкаўскіх карт у сацсетках

09.08.2018
Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта з сакавіка па ліпень бягучага года ўзбуджана 7 крымінальных спраў па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дзе пацярпелымі апынуліся карыстальнікі сацыяльнай сеткі.

даведачна:
ч.2 арт.212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - крадзеж маёмасці шляхам змены інфармацыі, апрацованай у камп’ютарнай сістэме, якая захоўваецца на машынных носьбітах або якая перадаецца па сетках перадачы дадзеных, альбо шляхам увядзення ў камп’ютарную сістэму ілжывай інфармацыі, спалучанае з несанкцыянаваным доступам да камп'ютарнай інфармацыі.

Падазраваныя шляхам несанкцыянаванага доступу атрымлівалі інфармацыю, якая захоўвалася на старонках карыстальнікаў адной з сацыяльных сетак. Затым з акаўнтаў пацярпелых неўстаноўленыя асобы адпраўлялі паведамленні віртуальным сябрам з просьбай аб дапамозе. Падставай была блакіроўка асабістай банкаўскай карты, у сувязі з чым падазраваны нібыта не мог атрымаць пераведзеную яму суму грашовых сродкаў. Віртуальных сяброў прасілі даць рэквізіты карты, каб перавесці туды грашовыя сродкі, а затым іх зняць. Пазней пацярпелыя, якія адгукнуліся на паведамленне, пазбаўляліся сваіх грашовых сродкаў.

Да прыкладу, у лютым бягучага года неўстаноўленая асоба здзейсніла несанкцыянаваны доступ да ўліковага запісу ў сацыяльнай сетцы жыхаркі Віцебска. На паведамленне з рассылкі з просьбай прадаставіць рэквізіты банкаўскай аплатнай карты адгукнулася жанчына з ліку віртуальных сяброў. З дапамогай прадстаўленых дадзеных, падазраваны аплаціў тавары і паслугі ў інтэрнэт-краме.

У маі гэтага года аналагічнае паведамленне ў сацыяльнай сетцы з просьбай адаслаць фота з рэквізітамі банкаўскай карты атрымала ад сваёй знаёмай 29-гадовая жыхарка абласнога цэнтра. У ходзе перапіскі «віртуальная сяброўка» таксама папрасіла лагін і пароль інтэрнэт-банкінгу і нумар мабільнага тэлефона. Праз некалькі дзён пацярпелая выявіла, што пералічаныя ў якасці заработнай платы грашовыя сродкі выкрадзеныя з яе банкаўскай карты.

Следчыя нагадваюць, што толькі асабістая пільнасць грамадзян дазволіць засцерагчы ад здзяйснення такога роду злачынстваў. Неабходна выконваць простыя правілы: нікому не называць ПІН-код да карткі, нікому не перадаваць картку і не паддавацца на просьбы аб перадачы яе рэквізітаў.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці
Святлана Сахарава