Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Завершана расследаванне ДТЗ на М-1, у якім загінулі шэсць чалавек

12.10.2020
Галоўным следчым упраўленнем завершана расследаванне крымінальнай справы аб ДТЗ, якое адбылося 17 мая гэтага года на трасе М-1 у Барысаўскім раёне, у якім загінулі шэсць чалавек.

Па дадзеных следства, 17 мая каля 20 гадзін 20 хвілін кіроўца Renault 19, рухаючыся на 461-м кіламетры аўтадарогі М-1 “Брэст – Мінск – мяжа РФ” ў напрамку горада Крупкі, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем Geely Atlas і аўтацягніком DAF, якія рухаліся па сустрэчнаму кірунку. У выніку здарэння загінулі шэсць чалавек — тры хлопцы і тры дзяўчыны, якія знаходзіліся ў салоне Renault. Кіроўцы Geely і DAF цялесных пашкоджанняў не атрымалі.

Падчас следства ўстаноўлена, што аўтамабіль Renault належаў 30-гадоваму жыхару Барысава, загінуўшаму ў ДТЗ, ён жа ў момант здарэння і знаходзіўся за рулём. Згодна з заключэннем судова-хімічнай экспертызы, у крыві вадзіцеля знойдзена 2,1 праміле этылавага спірту. Мужчына ўжываў алкаголь у тым ліку і падчас паездкі, якая папярэднічала ДТЗ.

Раней мужчына больш за 25 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за розныя парушэнні ПДР, у тым ліку чатыры разы за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, адзін раз за парушэнне ПДР пешаходам у стане алкагольнага ап'янення, па адным разе за ўчыненне ДТЗ і пакіданне месца ДТЗ. Для высвятлення ўсіх абставінаў здарэння следчымі былі дапытаны знаёмыя і сваякі загінулых, відавочцы ДТЗ і работнікі аўтазапраўкі, дзе незадоўга да аварыі спынялася кампанія. Акрамя гэтага, былі  канфіскаваны і вывучаны фота- і відэазапісы камер назірання, усталяваных на трасе і на аўтазапраўцы. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаны заключэнні судовых даследаванняў, якія праводзілі эксперты ДКСЭ.

Канчатковая прававая ацэнка сітуацыі дадзена па ч. 5 арт. 317 (парушэнне Правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць шасці асоб) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У сувязі са смерцю кіроўцы Renault вытворчасць па крымінальнай справе спынена.

У ходзе расследавання ў Савет Міністраў накіраваны прапановы па ўнясенні змяненняў у тэхнічныя нарматыўна-прававыя акты, якія тычацца ўстаноўкі агародж паміж сустрэчнымі палосамі, і па ўладкаванні аўтамабільных дарог дарожнай агароджай. Гэта будзе спрыяць павышэнню бяспекі дарожнага руху і стварэнню ўмоў для максімальнай абароненасці ўдзельнікаў дарожнага руху.

Аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю