Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Завершана расследаванне смяротнага ДТЗ у Жлобіне

30.01.2019
Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы аб ДТЗ у Жлобіне, у выніку якога загінуў мужчына і пацярпела дзіця.

Па дадзеных следства, 1 верасня мінулага года каля 8 гадзін 45 хвілін 25-гадовы мужчына, кіруючы Opel Meriva у стане алкагольнага ап'янення, рухаўся па вуліцы Палявой у напрамку вуліцы Першамайскай у Жлобіне. На спуску пуцеправода аўтамабіль выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з Volkswagen Golf, які рухаўся ў сустрэчным напрамку. 

У выніку ДТЗ ад атрыманых цялесных пашкоджанняў вадзіцель Volkswagen памёр на месцы здарэння, а яго малагадоваму ўнуку былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні. У цяперашні час пагрозы жыццю і здароўю дзіцяці няма, аднак яно яшчэ мае прайсці працяглую рэабілітацыю.

На месца здарэння выязджала следча-аператыўная група, якой у ходзе агляду быў зафіксаваны следавы малюнак, дапытаны сведкі. Да матэрыялаў крымінальнай справы таксама дададзены заключэнні судова-медыцынскіх, аўтатэхнічных, трасалагічнага і іншых экспертыз, праведзеных спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. 

Так, згодна з вынікамі аўтатэхнічных і трасалагічнай экспертыз было вызначана, што вадзіцель аўтамабіля Opel рухаўся з парушэннем хуткаснага рэжыму – хуткасць у момант сутыкнення была больш за 72 км/г пры максімальна дазволенай на дадзеным участку дарозе 60 км/г. Судова-медыцынская экспертыза ў дачыненні да вадзіцеля Opel устанавіла, што змест этылавага спірту ў крыві склаў больш за 2,3 праміле.

Па вывадах следства, па прычыне знаходжання ў стане алкагольнага ап'янення і перавышэння хуткаснага рэжыму вадзіцель не мог у поўнай меры належным вобразам ацэньваць дарожную абстаноўку, а таксама скарыстаў няправільныя прыёмы па кіраванні транспартным сродкам.

Вадзіцелю аўтамабіля Opel Meriva прад'яўлена абвінавачанне па ч.4 арт.317 (парушэнне правіл дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, якое выклікала па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання). На час следства да яго была прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Мужчына віну прызнаў поўнасцю.

Крымінальная справа перададзена пракурору для напрамку ў суд.

Аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю


Апытанне Усе апытанні

Якія з прапанаваных змен у Крымінальны кодэкс Вы вітаеце?