Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Завершана расследаванне справы аб нападзе на 23-гадовую жыхарку Рэчыцы

28.12.2020
Следчым упраўленнем УСК па Гомельскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы аб замаху на забойства 23-летней жыхаркі Рэчыцы.

Па даных следства, у Рэчыцы 29 чэрвеня 2020 года прыкладна а 23 гадзіны пацярпелая пасля таго, як яе рабочая змена скончылася, вярталася дадому. Шлях дзяўчыны праходзіў па прыватным сектары на вуліцы Сыдзько. На неасветленым участку дарогі на яе раптам напаў прахожы. Незнаёмы мужчына падышоў ззаду і абхапіў яе рукамі. Пасля стаў наносіць удары нажом і зрабіў не менш дзевяці колата-рэзаных ран ў вобласць грудной клеткі і галавы. Пацярпелай удалося збегчы і звярнуцца за дапамогай.

Праз некалькі гадзін па падазрэнні ва ўчыненні злачынства праваахоўнікі затрымалі 23-гадовага гамельчука. Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу і прыступілі да збору доказаў. З пацярпелай праведзены мерапрыемствы па актывізацыі памяці, у ходзе якіх яна змагла ўспомніць шэраг абставін і некаторыя прыкметы незнаёмца. Супрацоўнікі ДКСЭ правялі экспертызу запахавых слядоў чалавека і выявілі на адзенні пацярпелай індывідуальны пах фігуранта. Праведзены допыты і вочныя стаўкі, праверка паказанняў падазронага на месцы здарэння і іншыя следчыя дзеянні.

Жыхар Гомеля за некалькі дзён да здарэння прыехаў у Рэчыцу і спыніўся ў пустым доме сваяка на вуліцы Сыдзько. У дзень учынення злачынства хлопец распіваў у доме спіртныя напоі і нюхаў клей, а ўвечары выйшаў на вуліцу і беспрычынна напаў на дзяўчыну.

Мужчыне прад'яўлена абвінавачанне па ч.1 арт.14, ч.2 арт.139 (замах на забойства, учынены з асобай жорсткасцю) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Крымінальная справа перададзена пракурору для далейшага накіравання ў суд.


Афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці
Марыя Крываногава