Здзейсніў мару і зараз з задавальненнем працуе ў Пружанскім РАСК Кірыл Люсцібер

13.09.2024
Штогод 12 верасня ў нашай краіне адзначаюць сваё свята супрацоўнікі органаў папярэдняга следства. Кожны год у гэтую сферу прыходзяць новыя маладыя супрацоўнікі, якія пасля заканчэння Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь імкнуцца сваёй працай прынесці карысць нашай краіне.

Такім «новаспечаным» следчым, які прыйшоў на работу ў Пружанскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь стаў і Кірыл Люсцібер, які сёлета вярнуўся на сваю малую радзіму.

Кірыл Андрэевіч у 2019 годзе скончыў гімназію, пасля чаго паступіў у Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж. Разам з тым малады хлопец быў поўны жадання і рашучасці звязаць сваё жыццё з сілавымі структурамі і паступіць у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь.

Следчы райддзела ў званні лейтэнанта юстыцыі Кірыл Люсцібер разам са сваім настаўнікам – старшым следчым у званні старшага лейтэнанта юстыцыі Ільёй Кандрацюком.

– Стаць следчым хацеў яшчэ ў 10 класе. Аднак з першага разу здзейсніць жаданую мару не ўдалося, але з другой спробы мне пашчасціла, і ў 2020 годзе я быў залічаны ў спіс студэнтаў акадэміі. На маю думку, наша прафесія была заўсёды запатрабаванай і перспектыўнай у плане кар’ернага росту, і самае галоўнае – служба прыносіць мне задавальненне, – адзначыў Кірыл Люсцібер.

З канца ліпеня гэтага года Кірыл Андрэевіч прыступіў да сваіх абавязкаў і быў прызначаны на пасаду следчага райаддзела ў званні лейтэнанта юстыцыі.

А вось настаўнікам маладога следчага быў прызначаны Ілья Кандрацюк, пра якога мы ўжо расказвалі. Ілья Аляксандравіч і сам не так даўно прыйшоў на работу ў праваахоўныя органы, а ўжо дабіўся немалога поспеху. Так, у канцы 2023 года яго павысілі ў пасадзе і званні. Зараз Ілья Кандрацюк – старшы следчы ў званні старшага лейтэнанта юстыцыі. А па выніках службовай дзейнасці за 2023 год ён і зусім быў прызнаны найлепшым следчым сярод тэрытарыяльных аддзелаў 4 катэгорыі ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці.

Таму Кірылу Андрэевічу не варта хвалявацца за сваю работу, бо ён у надзейных руках, хоць і такога ж маладога, але ўжо дасведчанага старшага следчага. Ёсць упэўненасць, што мы яшчэ не раз адзначым дасягненні гэтых перспектыўных работнікаў сілавых структур у нашай газеце.