Прэзентацыя паштовай маркі "Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства" адбылася сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Урачыстая цырымонія гашэння праходзіла ў будынку Следчага камітэта, выява якога стала мастацкай асновай канверта і спецыяльнага штэмпеля. У цырымоніі ўдзельнічалі міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў і старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. Яны паставілі на юбілейную марку штэмпель, выраблены і прызначаны менавіта для гэтай цырымоніі, і пакінулі аўтограф на памятных канвертах.
"Адна з галоўных задач камітэта - паляпшэнне якасці, аператыўнасці і эфектыўнасці папярэдняга следства, а таксама, што, бадай, самае галоўнае - абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян у дасудовым вядзенні па крымінальных справах. Таму на паштовай марцы адлюстраваны геральдычны знак Следчага камітэта: шчыт, размешчаны паверх двух перакрыжаваных сярэбраных мячоў, што сімвалізуе бясспрэчную перамогу закона і служыць напамінам кожнаму супрацоўніку Следчага камітэта аб свяшчэнным абавязку абароны Айчыны", - сказаў Іван Наскевіч.
Выхад паштовай маркі прымеркаваны да святкавання 5-годдзя стварэння Следчага камітэта Беларусі. "Указам нумар 229 ад 21 чэрвеня 2016 года ў Беларусі ўведзена прафесійнае свята следчых - Дзень супрацоўнікаў органаў папярэдняга следства, які будзе адзначацца 12 верасня. Менавіта ў гэты дзень у 2011 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падпісаў указ нумар 409 "Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь", - адзначыў Іван Наскевіч. - За пяць гадоў зроблены значны аб'ём работы, унесены істотны ўклад у захаванне і падтрыманне правапарадку, а галоўнае, аб'ядналіся людзі, верныя закону, якія аддаюць свае сілы аднаўленню ісціны і справядлівасці. Усе яны прафесіяналы сваёй справы, якія ў поўнай меры валодаюць неабходнымі асабістымі якасцямі: ініцыятыўнасцю, прынцыповасцю, настойлівасцю і непрымірымым стаўленнем да парушальнікаў закона".
"Выпуск у абарачэнне паштовай маркі прымеркаваны да першага юбілею Следчага камітэта. Наш сумесны праект падкрэслівае, што ведамства заслужыла павагу ўсяго беларускага народа і дзяржавы, заняўшы сваё трывалае месца ў сістэме дзяржаўных органаў", - дадаў міністр сувязі і інфарматызацыі.
Паштовы праект, які складаецца з паштовай маркі, канверта і спецыяльнага штэмпеля, падрыхтаваны рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі "Белпошта" і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі ў цесным узаемадзеянні са Следчым камітэтам. Марка будзе выпушчана тыражом 40 тыс. экзэмпляраў. Пры яе вырабе выкарыстана сучасная паслядрукарская тэхналогія: тэрмічнае цісненне металізаванай фольгай серабрыстага колеру.