Шаркаўшчынскім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да былых работнікаў раённага спажывецкага таварыства распачаты шэраг крымінальных спраў аб прысваенні маёмасці ў асабліва буйным памеры (частка 4 артыкула 211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Падставай для распачынання крымінальных спраў паслужылі матэрыялы, якія паступілі з органаў унутраных спраў, аб выяўленых фактах крадзяжоў работнікамі Шаркаўшчынскага раённага спажывецкага таварыства, устаноўленыя пры правядзенні праверкі ў выніку рэарганізацыі таварыства.
Па дадзеных следства, вядучы бухгалтар сектара нарыхтовак па папярэдняй змове з трыма нарыхтоўшчыкамі са студзеня 2012 года па верасень 2014 года шляхам прысваення ўчынілі крадзеж грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму больш за 72,2 тысячы рублёў.
Устаноўлена, што нарыхтоўшчыкі, якія закуплялі ў раёне ў насельніцтва ягады, гародніну, садавіну, макулатуру, металалом, неабгрунтавана прысвойвалі таварна-матэрыяльныя каштоўнасці і грашовыя сродкі, якія знаходзіліся ў іх у справаздачы, а бухгалтар уносіла ілжывыя звесткі ў справаздачы аб колькасцi выкарыстаных наяўных грашовых сродкаў.
Падазраваныя дапытаныя, да іх прыменена мера працэсуальнага прымусу ў выглядзе абавязацельства аб яўцы.
Следчымі вывучаюцца дакументы фінансава-гаспадарчай дзейнасці Шаркаўшчынскага райспажыўтаварыства аб руху грашовых сродкаў і таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, дапытваюцца сведкі, праводзяцца следчыя дзеянні з удзелам падазраваных асоб.
Афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці
Святлана Сахарава