Следчым упраўленнем УСК па г. Мінску завершана расследаванне крымінальнай справы па абвінавачанні 26-гадовай жанчыны-кіроўцы ў здзяйсненні ДТЗ.
Папярэднім расследаваннем устаноўлена, што 12 студзеня 2018 года каля 7 гадзін 40 хвілін аўтамабілем Geely Emgrand X7 пад кіраваннем 26-гадовай жанчыны на пуцеправодзе на вуліцы Ваўпшасава ў Мінску здзейснены выезд на паласу сустрэчнага руху, дзе адбылося сутыкненне з аўтамабілем Renault Megane Scenic. Таксама удзельнікам ДТЗ стаў аўтамабіль Toyota Carina, які рухаўся за Renault.
Здарэнне мела месца ў цёмны час сутак на мокрай праезнай частцы, месцамі абледзянелай. У выніку лабавога сутыкнення транспартных сродкаў кіроўцу аўтамабіля Renault прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні, а яго пасажырцы - менш цяжкія.
Па высновах следства, прычынай ДТЗ сталі няправільна ўжытыя абвінавачанай прыёмы кіравання аўтамабілем з улікам надвор’я і дарожных умоў, у тым ліку здзяйсненне апярэджання транспартнага сродку, які рухаецца наперадзе. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да заносу аўтамабіля і выезду на паласу сустрэчнага руху.
На падставе дадзеных, атрыманых у ходзе агляду месца ДТЗ і следчага эксперыменту, УДКСЭ па г. Мінску праведзены шэраг аўтатэхнічных экспертыз. Згодна з заключэннем экспертаў, у кіроўцы аўтамабіля Renault адсутнічала тэхнічная магчымасць прадухіліць сутыкненне з Geely. У ходзе даследавання транспартных сродкаў якіх-небудзь няспраўнасцяў да моманту здарэння не выяўлена.
Акрамя таго, садзейнічанне следству аказалі грамадзяне, якія звярнуліся ў УСК па г. Мінску па інфармацыі аб пошуку відавочцаў здарэння і растлумачылі акалічнасці механізму ДТЗ.
Раней абвінавачаная неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне ўстаноўленай хуткасці руху.
Па завяршэнні расследавання кіроўцу аўтамабіля Geely прад'яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Сваю віну жанчына не прызнала.
Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
Афіцыйны прадстаўнік УСК па г. Мінску
Марына Дранькова