Настройкі
Настройкі шрыфта
PT Sans
Times New Roman
Памер шрыфта
A
A
A
Адлегласць паміж літарамі
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па беламу
Белым
па чорнаму
Следчы камітэт
Рэспублікі Беларусь
Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

ГСУ завершана расследаванне крымінальнай справы ў сферы санаторна-курортнага лячэння

11.06.2018
Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы аб карупцыі ў сферы санаторна-курортнага лячэння.

У ходзе следства ўстаноўлена, што 58-гадовая намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва прымала хабар ад кіраўніцтва санаторыяў Беларусі за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю - закупка цэнтрам пуцёвак і паслуг у санаторыяў для размеркавання па арганізацыях і паспяховае праходжанне планавай атэстацыі устаноў. Так, па адным з эпізодаў устаноўлена, што жанчына ў якасці хабару ад дырэктара санаторыя бязвыплатна атрымала паслугу ў выглядзе пражывання ў нумары падвышанай камфортнасці санаторыя і жыла там больш за 420 сутак, чым нанесла шкоду ўстанове на суму больш за 29 тысяч рублёў.


У такім нумары павінна была жыць абвінавачаная


А ў такім бязвыплатна пражывала

Яна ж, у перыяд з сакавіка 2014 года па студзень 2017 года, за ўзнагароджанне (грашовыя сродкі, маёмасць і будаўніча-рамонтныя паслугі) давала незаконныя ўказанні кіраўнікам санаторна-курортных арганізацый па заключэнні дагавораў падраду на выкананне будаўніча-мантажных работ з камерцыйнай структурай, інтарэсы якой яна лабіравала.

 
Рамонт і мэбля, якія абвінавачаная атрымала ў якасці хабару ад прадстаўнікоў камерцыйнай структуры

У якасці абвінавачанай па крымінальнай справе праходзіць і галоўны ўрач аднаго з санаторыяў, якая па ўказанні намесніка дырэктара цэнтра арганізоўвала правядзенне фіктыўных падрадных тэндэраў з выкарыстаннем бланкаў і адбіткаў пячатак арганізацый, якія ў працэдуры перамоваў удзелу не прымалі, а дакументы ад іх імя неабходныя былі толькі для надання законнасці заключэння дагавораў падраду з камерцыйнай фірмай, прадстаўнікі якой у якасці «падзякі» зрабілі рамонт у кватэры галоўнага доктара санаторыя.

Таксама следствам устаноўлены факты перавышэння службовых паўнамоцтваў названай асобай - у чэрвені-снежні 2016 года яна дала права пражывання намесніку дырэктара цэнтра з сям'ёй у нумары катэгорыі «люкс» замест набытых пуцёвак у нумар больш нізкай коштавай катэгорыі і бязвыплатнага карыстання аздараўленчымі і медыцынскімі паслугамі ў санаторыі.

У выніку дзеянняў названых службовых асоб дзяржаве нанесены ўрон на суму больш за 30 тысяч рублёў. У мэтах забеспячэння кампенсацыі шкоды на маёмасць абвінавачаных накладзены арышт на агульную суму больш за 300 тысяч рублёў.

Следствам быў прызначаны шэраг экспертных даследаванняў, якія праводзіліся супрацоўнікамі цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Таксама па даручэнні следчых кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці правяло дакументальную праверку дзейнасці санаторна-курортнай установы.

Па выніках расследавання крымінальнай справы следчымі былі ўнесены прадстаўленні аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў, у Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, у Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. У іх следчымі прапанаваныя меры па ўдасканаленні сістэмы размеркавання пуцёвак у санаторыі, узмацненню кантролю за выкананнем антыманапольнага заканадаўства суб'ектамі гаспадарання ў сферы будаўнічых паслуг і выключэння магчымасці правядзення фіктыўных таргоў.

Дзеянні кожнай абвінавачанай кваліфікаваныя следствам па ч.2 арт. 426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў, учыненае з карыслівай зацікаўленасцю) і ч.3 арт. 430 (атрыманне хабару службовай асобай у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Абвінавачаныя віну не прызналі, да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

Аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю