Следчыя – назіральныя і дапытлівыя спецыялісты. Яны збіраюць доказы ў
адно цэлае і выкрываюць злачынцаў, каб ніводзін з іх не змог схавацца ад
правасуддзя.
Незадоўга да Дня супрацоўніка органаў папярэдняга
следства карэспандэнт «РВ» пабывала ў раённым аддзеле Следчага камітэта
Рэспублікі Беларусь.
З нядаўняга часу раённы аддзел ўзначальвае
падпалкоўнік юстыцыі Юрый Лаўрыновіч. Разам з ім служаць старшыя следчыя
падпалкоўнік юстыцыі Аляксандр Маслоўскі, які зараз часова выконвае
абавязкі намесніка начальніка, капітан юстыцыі Іван Бондар, маёр юстыцыі
Юлія Палачаніна і старшы лейтэнант юстыцыі Крысціна Пракаповіч, а
таксама следчыя старшы лейтэнант юстыцыі Павел Балашка і малодшы
лейтэнант юстыцыі Карына Грыгор’ева.
За плячыма ў Юрыя Уладзіміравіча
пятнаццаць гадоў практычнай дзейнасці, у Аляксандра Станіслававіча –
дваццаць. Свой вопыт яны ахвотна перадаюць больш маладому пакаленню
следчых. Плён такога супрацоўніцтва – прыклад Аляксандра Маслоўскага і
Крысціны Пракаповіч, якія сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу на
лепшую арганізацыю работы з маладымі следчымі ў 2023 годзе.
У цэлым
раённы аддзел прызнаны лепшым падраздзяленнем вобласці па выніках работы
мінулага года. Трымаюць марку дакшычане і сёлета.
З пачатку года ў
аддзел паступіла 116 заяў, паводле якіх узбуджана 62 крымінальныя
справы. Асноўная колькасць з іх тычыцца крадзяжоў, у тым ліку
здзейсненых шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.
– Нягледзячы
на шырокую прафілактыку, нашы грамадзяне працягваюць трапляць у сеткі
кіберзлачынцаў, – са шкадаваннем у голасе кажа Юрый Лаўрыновіч. –
Напрыклад, у чэрвені мы накіравалі каля 80 інфармацыйных пісем
кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна з просьбай яшчэ раз
нагадаць работнікам пра пільнасць у Інтэрнэце, месенджарах, пры
тэлефонных размовах з незнаёмцамі. Толькі вось так атрымалася, што ўжо ў
жніўні адзін з ліку тых кіраўнікоў сам даверыў уласныя фінансы
тэлефонным махлярам…
А крадзяжы маёмасці адбываюцца ў асноўным з-за
бяспечнасці саміх гаспадароў, зазначае начальнік аддзела. Людзі
пакідаюць свае рэчы без нагляду, у адкрытым доступе для злодзеяў. Як і
ключы запальвання ў адчыненых аўтамабілях. Так, сёлета зарэгістравана 6
угонаў, і большасць з іх стала магчымай менавіта па названай прычыне.
Некалькі
спраў гэтага года ўзбуджана па лініі наркакантролю. Імкненне зарабіць
лёгкія грошы абарочваецца для “закладчыкаў” ці захавальнікаў марыхуаны
цяжкімі стратамі – пакараннем аж да пазбаўлення волі.
– Памятаю, як
на пачатку службы давялося разглядаць справу па 212-м артыкуле
Крымінальнага кодэкса (крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай
інфармацыі), – узгадвае Юрый Уладзіміравіч. – Гэта была такая рэдкасць,
што прыйшлося звяртацца па дапамогу ў вышэйшыя структуры. А цяпер
пераважная частка крыміналу перайшла ў кіберпрастору, адпаведна стала
цяжэй устанаўліваць злачынцаў і прыцягваць іх да адказнасці. У сувязі з
гэтым змяніліся і метады работы следчых, уся неабходная тэхніка для
гэтага ў нашым аддзеле ёсць.
Таксама Юрый Лаўрыновіч адзначыў
выдатныя ўмовы для працы докшыцкіх следчых: у кожнага асобны кабінет з
сучасным рамонтам, новая мэбля, камп’ютары. Абсталяваны навучальны клас,
памяшканне для захоўвання рэчавых доказаў, архіў, спартыўная зала і
пакой для прыёму ежы.
– Адзін з самых раскошных будынкаў сярод
аддзелаў Следчага камітэта ў рэспубліцы, – гаворыць начальнік. – Следчыя
атрымалі яго ў сваё распараджэнне пасля мадэрнізацыі ў 2021 годзе.
Докшыцкі
аддзел вылучаецца высокай аператыўнасцю расследавання крымінальных
спраў. Да таго ж з’яўляецца кузняй кампетэнтных кадраў для вобласці і
рэспублікі ў цэлым. Так, былы начальнік РАСК Тофік Дзямешка зараз
узначальвае Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта, туды ж перайшла
следчы Ганна Козел. Нядаўна пераведзены на службу ва ўпраўленне СК па
Віцебскай вобласці старшы следчы Ілья Грыгаровіч. Трохі раней пераехаў
на службу ў Мінск старшы следчы Уладзімір Шарох.
Падтрымліваюцца
сувязі з ветэранамі і былымі супрацоўнікамі службы: Уладзімірам
Вішнеўскім і Вячаславам Галяком, якія ў свой час стаялі на чале аддзела,
Віталіем Фурсевічам, Валерыем Русаком, Валерыем Навумчыкам – іх слушныя
парады запатрабаваны і цяпер.
– Віншую ўсіх сваіх калег і ветэранаў
працы з прафесійным святам і шчыра жадаю ім здароўя, поспехаў, сямейнага
дабрабыту і асабістага шчасця, – сказаў Юрый Лаўрыновіч.
Крыніца:
Родныя Вытокi