Ваўкавыскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да жыхаркі г.Ваўкавыска Харытонік Валянціны Якаўлеўны, 1961 года нараджэння, бухгалтара разлікова-касавага цэнтра адной з банкаўскіх устаноў горада, абгрунтавана падазронай ва ўчыненні махлярскіх дзеянняў (ч.4 арт.209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
З заявамі аб учыненні злачынства звярнуліся сямёра жыхароў г.Ваўкавыска, якія з'яўляюцца сваякамі і сябрамі Харытонік В.Я. Яны паказалі, што ў перыяд з 2012 па сакавік 2016 года жанчына ўзяла ў іх у пазыку грашовыя сродкі, агульная сума якіх перавышае 2 мільярда 200 мільёнаў рублёў. Абяцала атрыманне павышаных працэнтаў за карыстанне грошамі, абгрунтоўваючы гэта сваёй пасадай у банкаўскай установе.
27 сакавіка 2016 года, не мерачыся вяртаць узятыя грашовыя сродкі, Харытонік В.Я. падчас свайго водпуску выехала ў г.Маскву разам з мужам і дачкой. Пры гэтым вывезла з дома большасць рэчаў, а сваякам пакінула ліст, у якім паведаміла аб нежаданні вяртаць ім узятыя ў пазыку грошы.
У ходзе расследавання крымінальнай справы следчыя наклалі арышт на дом, зямельны ўчастак і выяўленую падчас вобыску маёмасць падазронай. Аб крымінальнай справе праінфармавана банкаўская ўстанова, у якой працавала Харытонік В.Я. Па папярэдняй інфармацыі, з боку работадаўца прэтэнзій матэрыяльнага плана да бухгалтара не маецца. Канчаткова гэтае пытанне будзе высветлена ў ходзе далейшага расследавання крымінальнай справы.
Сумесна з супрацоўнікамі міліцыі праводзіцца работа, накіраваная на вызначэнне месцазнаходжання зніклай падазронай. Акрамя таго, вызначаюцца іншыя грамадзяне, якія маглі пацярпець ад дзеянняў Харытонік В.Я. Звяртацца па гэтым пытанні, а таксама аказаць дапамогу расследаванню можна па тэлефонах: (8-01512) 7-51-69 або 102.
Афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці
Сяргей Шаршаневіч