Крычаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка па факце гібелі жыхара в. Калініна Крычаўскага раёна.
Папярэдне ўстаноўлена, што 25 чэрвеня 2018 года двое работнікаў аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Крычаўскага раёна, 1970 і 1974 гадоў нараджэння, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, вырашылі выкрасці з паліўнага бака камбайна «Палессе», які стаяў на механічным двары, дызельнае паліва. З гэтай мэтай яны паспрабавалі падсунуць бервяно пад кола камбайна, каб нахіліць камбайн на бок. Аднак бервяно выскачыла і ўдарыла па галаве 48-гадовага мужчыну, прычыніўшы яму цялесныя пашкоджанні. Напарнік, убачыўшы, што мужчына зваліўся, спалохаўся і ўцёк з месца здарэння.
Паведамленне ў хуткую дапамогу паступіла ад дыспетчара прадпрыемства. Пацярпелы быў шпіталізаваны ў Крычаўскую раённую бальніцу. Нягледзячы на тое, што лекарамі была аказана неабходная медыцынская дапамога, выратаваць мужчыну не ўдалося.
У цяперашні час следчыя высвятляюць усе акалічнасці здарэння. Апытваецца другі ўдзельнік дадзенага здарэння, а таксама работнікі і службовыя асобы сельскагаспадарчага прадпрыемства.
Асаблівая ўвага надаецца вывучэнню прычын і ўмоў, якія садзейнічалі таму, што адбылося.
Па выніках праверкі будзе прынята працэсуальнае рашэнне.
Афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці
Аксана Салянюк