У вытворчасці Маскоўскага (г.Мінска) раённага аддзела Следчага камітэта знаходзіцца крымінальная справа ў дачыненні да неўсталяванай асобы, якая шляхам падману і злоўжывання даверам завалодала грашовымі сродкамі не менш як 9 чалавек.
Пад гандлёвай маркай «Trade12» быў арганізаваны інтэрнэт-сэрвіс, які нібыта займаўся аказаннем брокерскіх паслуг. Грамадзянам прапаноўвалася паўдзельнічаць у гандлі на курсах валют, металамі, кантрактамі, акцыямі. Для гэтага неабходна было ўнесці грашовыя сродкі на гандлёвы рахунак на электроннай платформе кампаніі.
Пацярпелыя знаходзіліся ў поўнай упэўненасці, што пад кіраўніцтвам «брокера» праводзяць рэальныя аперацыі з каштоўнымі паперамі, аднак, фактычна яны гулялі ў онлайн-гульню, якая імітуе працу форэкс-кампаніі, у тым ліку таргі.
Першапачаткова для пацярпелых мадэляваліся паспяховая фінансавая дзейнасць, пасля чаго «брокеры» пераконвалі грамадзян укладваць ўсё буйнейшыя сумы. У выпадку адмовы дадаткова ўносіць грашовыя сродкі на рахунак, брокеры тлумачылі, што абнаявіць іх не магчыма, і каб працягваць карыстацца рахункам, неабходна яго папоўніць на яшчэ больш буйную суму.
Устаноўленая на дадзены момант агульная сума шкоды складае каля 650 тыс. долараў ЗША. Дзеянні нявысветленых прадстаўнікоў «Trade12» кваліфікаваны па ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У рамках расследавання падрыхтаваны шэраг міжнародных даручэнняў аб аказанні прававой дапамогі, а таксама праводзяцца ўсе неабходныя мерапрыемствы па ўсталяванні асоб, якія мелі дачыненне да гэтага злачынства.
Крымінальныя справы ў дачыненні да прадстаўнікоў кампаніі ўзбуджаліся па ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ў краінах СНД з 2016 года.
Следчы камітэт звяртае ўвагу, што інтэрнэт-сэрвіс «Trade 12» не мае правоў на аказанне фінансавых паслуг на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ўнесены ў «чорны спіс» шматлікіх міжнародных арганізацый па рэгуляванні адносін у сферы фінансавых рынкаў.
Калі вам нанесены ўрон у выніку дзеянняў кампаніі «Trade12», вы можаце звярнуцца па тэлефонах: 389-55-55 або 392-97-12.
Аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю