УСК па г. Мінску распачата і расследуецца крымінальная справа па ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дачыненні да дырэктара ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту».
Крымінальная справа ўзбуджана па матэрыялах упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама.
Следствам устаноўлена, што галоўны трэнер нацыянальнай каманды па інваспорту цэнтра перадала ў якасці хабару 15 тыс. даляраў ЗША дырэктару ўстановы пры пасярэдніцтве сястры-блізнюка кіраўніка за спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні новага працоўнага кантракта. Дадзеная сума грашовых сродкаў раней была пералічаная галоўнаму трэнеру каманды ў якасцi ўзнагароджання за падрыхтоўку спартсменаў, якія занялі прызавыя месцы на Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя). Пры гэтым дырэктар дала зразумець, што толькі ў выпадку перадачы ёй гэтых грошай 37-гадовая жанчына зможа працягнуць працу на пасадзе галоўнага трэнера.
46-гадовы дырэктар затрыманая, следчыя будуць хадайнічаць перад пракурорам аб ужыванні да яе меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца, высвятляюцца акалічнасці супрацьпраўных дзеянняў.
Даведачна. Асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў адносінах да яе мела месца вымагальніцтва хабару альбо калi гэта асоба пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб зробленым.
Інваспорт - сістэма фізкультуры і спорту для інвалідаў.
Дэфлімпійскі спорт - спорт для людзей з парушэннямі слыху.
Аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю