«Глыбока сімвалічна, што менавіта сёння, напярэдадні чацвёртай гадавіны ўтварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі, мы сабраліся ў гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» з нагоды ўрачыстага прынясення Прысягі супрацоўніка Следчага камітэта.
Мы вельмі рады і ўдзячныя, што важнасць і ўрачыстасць сённяшняга дня падзяляюць з намі нашыя калегі са Следчага камітэта Расіі на чале з яго Старшынёй – генерал-палкоўнікам юстыцыі Бастрыкіным Аляксандрам Іванавічам», – заявіў Валянцін Шаеў, адкрываючы ўрачыстае мерапрыемства.
І, сапраўды, як калісьці нашыя дзяды, стоячы плячо ў плячо, абаранялі нашую Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, так і сёння следчыя двух ведамстваў, дзейнічаючы на аснове ўзаемаразумення, аператыўнасці і прафесійнага падыходу да справы, з'яўляюцца надзейнымі саюзнікамі ў барацьбе са злачыннасцю.
Кожны следчы, прыносячы прысягу, разумее, што дзяржава і грамадства ўсклалі на яго адказнасць па абароне законных правоў і свабод грамадзян. Ад яго бескампраміснасці ў барацьбе са злачыннасцю залежыць лёс чалавека.
У ходзе ўрачыстага мерапрыемства Валянцін Шаеў і Аляксандр Бастрыкін адкрылі помнік Маршалу Савецкага Саюза Георгію Канстанцінавічу Жукаву, самаадданасць і мэтанакіраванасць якога – годны прыклад для кожнага чалавека, які шчыра любіць сваю Радзіму, для кожнага супрацоўніка, адданага свайму абавязку.
Асаблівыя словы ўдзячнасці ў стварэнні і ўстаноўцы помніка Маршалу Перамогі Валянцін Шаеў ў рамках цырымоніі выказаў Следчаму камітэту Расійскай Федэрацыі, Усерасійскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту юстыцыі, народнаму артысту СССР Васілю Ланавому і аўтару праекта – Міхаілу Сердзюкову.
Пасля заканчэння ўрачыстага рытуалу для следчых, якія прысягнулі на вернасць беларускаму народу і дзяржаве, і гасцей мерапрыемства была праведзена экскурсія па гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна» і рэканструкцыя танкавай бітвы часоў Вялікай Айчыннай вайны з удзелам тэхнікі і ўзбраення тых гадоў.