Расонскім раённым аддзелам Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы аб разбойным нападзе на кафэ ў вёсцы Юхавічы.
Як паведамлялася раней, 29 сакавіка ў вячэрні час у прыдарожнае кафэ ўвайшлі двое мужчын, якія замовілі спіртное і вячэру, папрасілі зарадную прыладу для мабільнага тэлефона. Мужчыны вярталіся з Расійскай Федэрацыі, дзе не змаглі знайсці працу.
Калі яны выйшлі з кафэ, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, 34-гадовы і раней судзімы 46-гадовы жыхары Гомельскай вобласці вырашылі вярнуцца і завалодаць грашовымі сродкамі і маёмасцю.
Адзін з абвінавачаных зрабіў у шапачцы прарэзы для вачэй, скарыстаўся прадметам падобным на пісталет (запальнічкай), якім пагражаў ўладальніку кафэ. Яго пагрозы прымяніць гвалт жанчына ўспрымала рэальна. Каб пацярпелая не змагла прыцягнуць увагу старонніх грамадзян і паведаміць пра здарэнне ў праваахоўныя органы, мужчына сказаў ёй сыйсці ў дапаможнае памяшканне. У гэты час другі абвінавачаны выкраў з касы грашовыя сродкі, спіртныя напоі, цыгарэты, шакалад і жавальныя гумкі. Прыхапіўшы з сабой таксама жаночую сумку з рэчамі пацярпелай, мужчыны ўцяклі з месца злачынства. Агульная сума выкрадзенай маёмасці склала больш за 1700 рублёў.
Накіраваўшыся ў бок Полацка, па дарозе яны спалілі ў вогнішчы некаторыя выкрадзеныя рэчы пацярпелай, ужылі частку спіртнога. На аўтобусным прыпынку ў адной з вёсак Расонскага раёна іх затрымалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў. У выніку ператрусу ў мужчын канфіскавана выкрадзеная маёмасць на суму больш за 1100 рублёў.
З моманту затрымання абвінавачаныя ў здзяйсненні разбойнага нападу групай асобаў (ч. 2 арт. 207 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) утрымліваюцца пад вартай.
Следчыя правялі праверку паказанняў з удзелам абвінавачаных, далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы заключэнні дактыласкапічных, судова-генетычных і псіхіятрычных экспертыз, наклалі арышт на маёмасць аднаго з абвінавачаных.
Крымінальная справа вывучана пракурорам і перададзена ў суд для разгляду.
Афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці
Святлана Сахарава