Гісторыя следчых органаў

Гісторыя беларускага следства шмат у чым звязана з сістэмай права, якая склалася ў дарэвалюцыйнай Расіі, а потым і ў СССР.

У Расійскай імперыі пастаянны Следчы апарат быў створаны Судовымі статутамі 1864 і існаваў пры судах. У кнізе першай Судовых статутаў “Агульныя палажэнні судовых устаноў” гаворыцца, што “для вядзення следства па справах аб злачынствах і правінах” пры судах “дзейнічаюць Судовыя Следчыя”, якія “прызначаюцца Найвышэйшай уладай, па прадстаўленнях Міністра Юстыцыі” на падставе прадстаўлення “агульнага сходу Суда пры ўдзеле Пракурора”, і звальненне іх з пасады залежала “ад той улады, якой яны былі прызначаны на пасаду”.

Прынцыпова важна, што, нягледзячы на тое, што вядзенне папярэдняга расследавання даручалася службовым асобам судоў, з часу ўвядзення ў 1864 пасад судовых следчых яны фактычна выводзіліся з-пад адміністрацыйнага падпарадкавання кіраўнікоў судоў, пры якіх дзейнічалі, а таксама не былі падпарадкаваныя і пракурорам.

На пракурораў, у адпаведнасці са Статутам крымінальнага судаводства, ускладаўся нагляд за следствам. Пры гэтым пракуроры атрымалі дастаткова шырокія паўнамоцтвы па наглядзе за расследаваннем судовымі следчымі крымінальных спраў, у той жа час, пракуроры былі пазбаўлены права вядзення папярэдняга расследавання. Як было запісана на гэты конт у дадзеным Статуце, “Пракуроры і іх Таварышы папярэдняе следства самі не ажыццяўляюць, але даюць толькі прапановы аб тым следчым і назіраюць пастаянна за вядзеннем следчых дзеянняў”.

У далейшым, за мінулую паўтаравекавую гісторыю свайго функцыянавання, следчы апарат зведаў нямала арганізацыйна-структурных перабудоў, звязаных са зменамі сацыяльна-палітычнага ладу і практычных задач, якія ставіліся перад ім.

У прыватнасці, на пачатку станаўлення савецкай улады, Дэкрэтам Савета Народных Камісараў РСФСР № 1 “Аб судзе” інстытут следчых наогул быў скасаваны.

З часам ён адрадзіўся ў выглядзе народных следчых пры судах, а пасля пасады следчых пры судах былі скасаваны і ўведзены ў органах пракуратуры, за якімі былі таксама захаваны функцыі па ажыццяўленні нагляду за законнасцю папярэдняга расследавання крымінальных спраў, а таксама ў органах унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі з захаваннем за імі функцый па ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці па папярэджанні, выяўленні, спыненні злачынстваў, выяўленні і ўстанаўленні асоб, якiя iх рыхтуюць, здзяйсняюць або здзейснілі.

Папярэдняе расследаванне ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўлялася следчымі пракуратуры, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і фінансавых расследаванняў. Усе яны ўваходзілі ў структуру адпаведных ведамстваў.

12 верасня 2011 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка падпісаў Указ № 409 “Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь”.

Стварэнне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь паклала пачатак карэннай рэформе беларускай праваахоўнай сістэмы. Рашэнне аб яго стварэнні было прынята 2 жніўня 2011 г. на праведзенай пад кіраўніцтвам Кіраўніка дзяржавы нарадзе па пытанні ўдасканалення сістэмы органаў папярэдняга расследавання.

Утварэнню Следчага камітэта папярэднічала маштабная навуковая і аналітычная праца, вывучаўся замежны вопыт, ацэньвалася сучасная сітуацыя ў прававой і грамадска-палітычнай сферах. З сістэмы органаў пракуратуры быў выдзелены следчы апарат, з сістэмы органаў унутраных спраў і сістэмы органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю – падраздзяленні папярэдняга расследавання.

Галоўная задача, пастаўленая перад Следчым камітэтам, – гэта паляпшэнне якасці, аператыўнасці і эфектыўнасці папярэдняга следства. “Абарона народа ад злачынных замахаў – ганаровая і адказная місія. Кожная годная павагі дзяржава менавіта гэтую задачу прызнае сваім прыярытэтам. Для яе аптымальнага рашэння Следчы камітэт і ствараўся як незалежная структура”, – адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка 14 чэрвеня 2013 г. падчас цырымоніі ўручэння Сцяга Следчага камітэта.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2011 г. № 518 “Пытанні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь” былі зацверджаны:

  • Палажэнне аб цэнтральным апараце Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
  • Палажэнне аб парадку праходжання службы ў Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь;
  • Дысцыплінарны статут Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
  • тэкст Прысягі супрацоўніка Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
  • пералік адпаведнасці спецыяльных званняў супрацоўнікаў Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь класным чынам пракурорскіх работнікаў, воінскім званням, спецыяльным званням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, работнікаў органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
1 студзеня 2012 г. новая следчая структура прыступіла да функцыянавання.

Закон Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 2012 года № 403-3 “Аб Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь” вызначыў прававыя і арганізацыйныя асновы дзейнасці Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, яго асноўныя задачы і паўнамоцтвы, а таксама паўнамоцтвы, гарантыі прававой і сацыяльнай абароны яго супрацоўнікаў.

Асноўнымі задачамі Следчага камітэта з’яўляюцца: 

  • усебаковае, поўнае, аб’ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў у адпаведнасці з падследнасцю, усталяванай крымінальна-працэсуальным заканадаўствам;
  • абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый, абарона дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, захаванне законнасці пры праверцы заяў і паведамленняў аб злачынствах, узбуджэнні крымінальных спраў, ажыццяўленні папярэдняга следства;
  • удасканаленне следчай працы, укараненне ў практыку дасягненняў навукі і тэхнікі, станоўчага вопыту, прагрэсіўных форм і метадаў арганізацыі папярэдняга следства;
  • выяўленне парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць здзяйсненню злачынстваў, прыняцце мер па іх ліквідацыі;
  • удзел у межах сваёй кампетэнцыі ў рэалізацыі дзяржаўнай крымінальнай палітыкі, распрацоўка прапаноў па ўдасканаленні прававога рэгулявання ў сферы праваахоўнай дзейнасці;
  • ажыццяўленне ў межах сваёй кампетэнцыі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы дасудовага вядзення крымінальных спраў.

Апытанне Усе апытанні

Ці ўпэўненыя вы ў сваей абароненасці ад злачынных замахаў у Беларусі?