Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

40-гадовы жыхар Пухавіцкага раёна абвінавачваецца ў замаху на забойства

15.06.2018
Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 40-гадовага жыхара Пухавіцкага раёна, які абвінавачваецца ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў.

Увечары 20 студзеня 2018 года ў міліцыю і хуткую дапамогу паступілі паведамленні ад грамадзян аб тым, што іх суседка з целавымі пашкоджаннямі знаходзіцца на лесвічнай пляцоўцы.

Следча-аператыўнай групай 26-гадовая жанчына выяўлена ў цяжкім стане з нажавым раненнем. Ёй своечасова была аказана медыцынская дапамога,  яна засталася жывая.

Праведзенымі неадкладнымі следчымі дзеяннямі, у тым ліку аглядам месца здарэння, апытаннем суседзяў, жыхароў дома, устаноўлена, што ў кватэры здзейснена асабліва цяжкае злачынства.

Па падазрэнні ў здзяйсненні замаху на забойства (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса) быў затрыманы сужыцель пацярпелай.

Абвінавачаны, 1977 года нараджэння, мае сем судзімасцяў за карыслівыя злачынствы, непрацуючы і пражываў з пацярпелай у яе кватэры ў г. Мар'іна Горка.

Расследаваннем устаноўлена, што абвінавачаны, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, атрымаўшы адмову ад сужыцелькі аддаць яму грошы, стаў яе збіваць. Калі ў выніку сваркі жанчына сказала яму сысці з кватэры, ён нанёс ёй удар нажом у шыю. Пацярпелая змагла ўцячы і паклікаць на дапамогу. У гэты час мужчына ўцёк з месца здарэння. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў ён быў затрыманы на вуліцы ў горадзе.

Фігуранту, акрамя гэтага, прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэксу (крадзяжы, учыненыя паўторна, групай асоб) і ч. 1 арт. 366 (гвалт у дачыненні да асобы, якая выконвае грамадскі абавязак).

Устаноўлена, што абвінавачаны са сваім знаёмым, знаходзячыся ў гарадской краме, на працягу дня здзяйснялі крадзяжы будаўнічых тавараў. Скарыстаўшыся тым, што за імі ніхто не назірае ў гандлёвай зале, яны нажом зрэзалі замыкальныя прылады на стэлажы і выкралі перфаратар коштам 242,6 рубля. Затым зноў вярнуліся ў краму і спрабавалі скрасці будаўнічы ўзровень, але былі заўважаныя работнікам крамы. Жанчына спрабавала іх затрымаць у кабінеце да прыезду праваахоўных органаў, але яны яе штурхнулі і ўцяклі з месца злачынства.

У дачыненні да абвінавачанага ўжыта мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці
Таццяна Беланог