Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Іван Наскевіч сустрэўся з Часовым павераным у справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь

06.07.2018
Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч сустрэўся з Часовым павераным у справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Робертам Райлі. Сустрэча адбылася з ініцыятывы амэрыканскага боку ў сувязі з завяршэннем дыпламатычнай місіі кіраўніка амэрыканскай амбасады ў нашай краіне.

Бакі з задавальненнем канстатавалі канструктыўны і ўзаемавыгадны характар узаемадзеяння Следчага камітэта з праваахоўнымі органамі ЗША, які ўсталяваўся ў апошні час, у першую чаргу Федэральным бюро расследаванняў пры дасудовай крымінальнай вытворчасці.

Асабліва адзначаны сумесныя дзеянні беларускіх і амерыканскіх праваахоўнікаў па выяўленні і расследаванні супрацьпраўнай дзейнасці шэрагу міжнародных кіберзлачынных груп, ад якіх пацярпелі фізічныя і юрыдычныя асобы ў Рэспубліцы Беларусь, ЗША і іншых краінах.

Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у актывізацыі работы па заключэнні паўнавартаснага міждзяржаўнага дагавора аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах, што спрыяла б забеспячэнню прынцыпу няўхільнасці крымінальнай адказнасці за ўчыненыя злачынствы.

Іван Наскевіч выказаў Роберту Райлі словы ўдзячнасці за яго асабісты ўдзел і ўклад у развіццё раўнапраўнага дыялогу з кампетэнтнымі органамі ЗША ў справе барацьбы з міжнароднай злачыннасцю.



На заканчэнне сустрэчы кіраўнік следчага ведамства пажадаў Райлі поспехаў на новым месцы дыпламатычнай службы.
 
Міжнародна-прававы аддзел