Паведамленні і званкі за чужы кошт. Жыхару Віцебска прад'яўленае абвінавачанне ў злачынствах супраць інфармацыйнай бяспекі
27.06.2018
Следчым упраўленнем УСК па Віцебскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да жыхара абласнога цэнтра, якому прад'яўлена абвінавачанне ў несанкцыянаваным доступе, мадыфікацыі і неправамерным завалоданні кампьютарнай інфармацыяй.
Па дадзеных следства, 35-гадовы абвінавачаны, з'яўляючыся абанентам аператараў сотавай сувязі, жадаючы атрымаць бонусы і пазбегнуць аплаты за выходныя злучэнні, з дапамогай інтэрнэт-сэрвісу аператара несанкцыянавана заходзіў у асабісты кабінет абанентаў. Яго мэтай было даданне і зняцце паслугі «Пераадрасацыя выклікаў», адпраўка SMS-паведамленняў, атрыманне і азнаямленне з канфідэнцыйнай інфармацыяй абанентаў.
Абыходзячы сістэму абароны і маскіруючыся пад законнага карыстальніка, ён адпраўляў SMS-паведамленні розным абанентам, рабіў заказы дэталізаванага рахунку абанентаў, перачытваў звесткі аб выдатках за розныя перыяды, размовах і паведамленнях абанентаў, якія адбыліся. У якасці пацярпелых, якім ён падключаў пераадрасацыю выкліку, выбіраў кліентаў, у асноўным карпаратыўнай сувязі, якія маюць запазычанасць на асабовым рахунку.
У выніку пераадрасацыі выклікаў, мужчына з чэрвеня па снежань 2016 года атрымліваў бонусы ў выглядзе інтэрнэт-трафіку, масава рассылаў SMS-паведамленні невядомым абанентам з віншавальнымі тэкстамі і анекдотамі. Такім чынам, за шэсць месяцаў ён адправіў больш за 3 180 SMS-паведамленняў. У далейшым абвінавачваны працягнуў з дапамогай пераадрасацыі выклікаў са студзеня 2017 года па май бягучага года за кошт іншых абанентаў тэлефанаваць на розныя нумары гарадскіх тэлефонаў.
Дзеяннямі фігуранта нанесена шкода 15 арганізацыям Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей, супрацоўнікі якіх карысталіся нумарамі карпаратыўнай сувязі, і прыватнай асобе на агульную суму больш за 600 рублёў.
Варта адзначыць, што ў момант падключэння пераадрасацыі, пацярпелыя не ведалі пра падключэнне гэтай паслугі. Абаненты, якія тэлефанавалі пацярпелым у гэты час, не маглі з імі злучыцца, а аўтаматычна злучаліся, напрыклад, з аптэкай, куды абвінавачаны напярэдадні тэлефанаваў па асабістых пытаннях.
Так, адна з транспартных арганізацый у Оршы звярнула ўвагу, што на фірму спыніліся тэлефонныя званкі ад кліентаў, і стала падазраваць у гэтым канкурэнтаў. Кіраўніцтва фірмы звярнулася з заявай у міліцыю. Абвінавачанага атрымалася ўстанавіць у выніку праверкі, праведзенай супрацоўнікамі аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Віцебскага аблвыканкама.
У ходзе папярэдняга следства былі ўстаноўлены і іншыя пацярпелыя, якія не ведалі, што аплачваюць званкі, SMS-паведамленні, інтэрнэт-трафік абвінавачанага.
Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя следчымі як несанкцыянаваны доступ да кампьютарнай інфармацыі, здзейснены з карыслівай зацікаўленасці; мадыфікацыя кампьютарнай інфармацыі; іншае неправамернае завалоданне інфармацыяй, якая захоўваецца ў кампьютарнай сістэме, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды (ч. 2 арт. 349, ч. 1 арт. 350, арт. 352 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Да абвінавачанага прыменена мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.



Фатаграфіі са следчых эксперыментаў
У ходзе следства ўстаноўлена, што інфармацыя, якая знаходзіцца ў асабістым кабінеце карпаратыўных карыстальнікаў можа быць атрымана іншымі асобамі шляхам абыходу сістэмы абароны і маскіроўкі пад законнага карыстальніка, так як інтэрнэт-сэрвіс уваходзіць у пералік устаноўленых паслуг і па змаўчанні мае просты пароль. Дадзены факт спрыяў здзяйсненню злачынстваў.
Следчымі ў адрас кіраўніцтва аператара мабільнай сувязі накіравана прадстаўленне - разгледзець пытанне аб змяненні парадку доступу да асабістага кабінета карпаратыўных абанентаў праз інтэрнэт-сэрвіс у мэтах выключэння несанкцыянаванага доступу да інфармацыі карпаратыўных абанентаў.
Папярэдняе расследаванне завершана, матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
Афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці
Святлана Сахарава
Устанавіць ісціну – справа гонару
12.09.2025

Следчы камiтэт

