Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Пра розніцу паміж жыццём і фільмамі, працу не па шаблоне і мару з дзяцінства

06.12.2023
Аб нюансах прафесіі расказвае следчы з 15-гадовым стажам/

МОЙ суразмоўца — старшы следчы райаддзела Следчага камітэта, падпалкоўнік юстыцыі Андрэй ТУРСКІ.

—    Андрэй Валер’евіч, ці памятаеце свой першы выезд на месца здарэння ў якасці следчага?
—    Канечне. Тады праходзіў службу ў Вілейскім раёне. У дачнікаў была ўкрадзена маёмасць: DVD-прайгравальнік, пульт, радыё, інструменты, бытавыя прылады... Злачынства ўдалося раскрыць па гарачых слядах. Суседка пацярпелых расказала, што днямі ў яе шчапаў дровы жыхар іншай вёскі. Ён, высветлілася, і абакраў дачнікаў. Што цікава? Людзі, якія злоўжываюць алкаголем, звычайна ідуць на крадзеж, калі няма грошай на выпіўку. Тут жа жанчына разлічылася за працу: паклала ў торбу кілбас, паляндвіцы, хлеба, бутэльку гарэлкі. Яшчэ і грошай дала. А ён крыху ад’ехаўся на веласіпедзе, убачыў дачны дом і вырашыў абакрасці. Потым казаў, сам не ведае, навошта гэта зрабіў.

—    А якую самую складаную і заблытаную справу прыгадаеце?
—    Была ўкрадзена дзелавая драўніна з ніжняга складу ў лясгасе — таксама яшчэ калі служыў у Вілейскім раёне. (Ніжні склад — гэта калі на ўзбочыне дарогі ляжаць складзеныя ў штабялі бярвёны). За пэўны перыяд укралі два лесавозы. Шукаць давялося доўга, хоць, здавалася б, схаваць такую колькасць дзелавой драўніны нялёгка. Участковыя інспектары міліцыі былі падключаны, адпрацоўвалі і суседнія раёны, разглядалі розныя варыянты маршрутаў.  Праглядалі запісы з відэакамер: разумелі, што машына павінна быць вялікая, магчыма, лесавоз. Знайшлі! Ля прасёлачнай дарогі ў мясцовага жыхара камера стаяла, яна зафіксавала лесавоз. Але якасць відэа не дазваляла разгледзець нумарны знак. Машына ішла ў маладзечанскім кірунку, і мы сталі больш уважліва адпрацоўваць Маладзечанскі раён. З’явілася аператыўная інфармацыя, што да крадзяжу можа мець дачыненне індывідуальны прадпрымальнік, у якога лесапільня каля Чысці. Назіралі за ім. Быццам усё сыходзіцца, толькі куды падзеўся лес? На лесапільні была драўніна, але не падыходзіла пад параметры дзелавой. Высветлілі, што гэты прадпрымальнік арандуе кавалак тэрыторыі ў завода “Забудова”. Паехалі з аператыўнікамі туды — ляжыць драўніна! Але як даказаць, што крадзеная? Кожны ствол дзелавой драўніны маркіруецца. Сфатаграфавалі, паехалі да леснікоў: “Ваша маркіроўка ці не?” “Быццам бы наша”, — кажуць. Але трэба было дакладна ідэнтыфікаваць, бо і маркіроўкі, і дрэвы ў лесе падобныя. Давялося праводзіць экспертызу. Для параўнальнага даследавання бралі ўзоры матэрылу з пнёў на месцы высечкі і зрэзы са ствалоў дрэва. Усё дакладна супала. Вінаваты не хацеў здавацца. Забарыкадаваўся ў кватэры і збіраўся ўцякаць праз акно. Жонка ў гэты час казала, што яго няма і адмаўлялася адчыняць. Давялося выбіваць дзверы.

—    Большасць нашых чытачоў, напэўна, бачыла следчых хіба што па тэлевізары. Ваша праца сапраўды такая, як паказваюць у фільмах?
—    Паміж фільмамі і жыццём вялікая розніца. Здараецца, выязджаеш на месца здарэння, напрыклад, на крадзеж, а заяўнік кажа: “Што вы тут усё пішаце і пішаце? А шукаць калі будзеце? У кіно ніхто нічога не піша — прыехалі і хутка пабеглі шукаць бандыта”. Між тым на месца здарэння выязджае група: следчы, оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, эксперт-крыміналіст і участковы інспектар міліцыі. У кожнага свае абавязкі. Задача следчага — на месцы здарэння апытаць пацярпелага, разам з экспертам зафіксаваць сляды (ад якасці гэтай працы ў многім залежыць далейшы лёс сітуацыі). А аператыўнік крымінальнага вышуку і ўчастковы інспектар шукаюць злачынцу.
 
—    Кажуць, добра быць улетку настаўнікам, а ўзімку аграномам. А калі добра быць следчым? Ці ўласціва злачыннасці сезоннасць ці нейкая іншая заканамернасць?

—    Сезоннасць заўважная адносна выяўлення крадзяжоў з дач. Вясной людзі прыязджаюць у дамы, якія не наведвалі некалькі месяцаў, і бачаць, што знікла маёмасць. Што да іншых заканамернасцей… Ёсць павер’е, што самагубствы і іх спробы часцей здараюцца ў поўню. Не маю статыстыкі, ці сапраўды гэта так. Але не аднойчы, выязджаючы на такія здарэнні, заўважаў на небе поўню.

—    Ці кожны можа працаваць следчым?
—    Не. Па-першае, трэба мець жаданне. Гэта як у любой справе: калі няма жадання і цікавасці, чалавек не зможа працаваць. Ну і, па-другое, у нашай дзейнасці ёсць свая спецыфіка. Мы ж не толькі з жывымі людзьмі працуем... Праводзім праверкі па фактах гібелі грамадзян. Адпаведна, даводзіцца з экспертам аглядаць і апісваць целы, прысутнічаць на ўскрыццях. Не кожны гэта зможа. Увогуле наша праца цікавая, у ёй нічога не бывае па шаблоне, пад капірку. Бо не бывае двух абсалютна аднолькавых злачынстваў.

—    Чаму сталі следчым вы?
—    Доўгая гісторыя. Родны брат майго прадзеда Уладзімір Іванавіч Турскі ў пасляваенны час служыў участковым інспектарам міліцыі на Валожыншчыне. Тады была складаная крымінальная абстаноўка, дзейнічала некалькі буйных банд колькасным складам да 200 і нават больш чалавек. Ад рук бандытаў прадзедаў брат загінуў пры выкананні службовых абавязкаў. Мой бацька і яго родны брат таксама служылі ў Валожынскім РАУС (я нарадзіўся і вырас у Валожыне). Дзядзька — адразу ў аддзяленні ДАІ, потым у тылавым забеспячэнні. Бацька — у крымінальным вышуку, тады ў дзяжурнай часці. Цяпер абодва на пенсіі. Я вырас у сям’і міліцыянера. Святы адзначалі ў коле міліцыянераў, на рыбу разам ездзілі. Добра памятаю, быць міліцыянерам марыў яшчэ ў дзіцячым садку.

—    І як ішлі да мары?
—    Пасля школы паступіў у Ашмянскі дзяржаўны аграрны каледж, атрымаў дыплом па спецыльнасці “правазнаўства” з прысваеннем кваліфікацыі “юрыст”. Тых, у каго ў каледжы быў сярэдні бал 4,5 і вышэйшы (тады яшчэ была пяцібальная сістэма), па выніках сумоўя залічвалі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на скарочанае завочнае навучанне. Палічыў, што гэта мой варыянт: адначасова працаваць і атрымліваць вышэйшую юрыдычную адукацыю завочна. Пасля каледжа хацеў пайсці на службу ў міліцыю, але месца ў Валожынскім РАУС не было. Вырашыў не сядзець на шыі ў бацькоў у чаканні вакансіі. Пайшоў уладкоўвацца на працу ў райПО: пачуў, што там патрэбен грузчык. Было гэта ў панядзелак. У аддзеле кадраў спыталі, якая ў мяне адукацыя. “Юрыдычная, — кажу, — вось толькі ў пятніцу дыплом атрымаў”. У выніку мяне ўзялі ў райПО юрысконсультам. Папрацаваў дзевяць месяцаў, і з’явілася вакансія ў ДАІ. Пакуль збіраў дакументы, праходзіў медкамісію, пасаду тую скарацілі. А паколькі дакументы былі на руках, камісія пройдзена, кадравік параіў звярнуцца ва ўпраўленне ўнутраных спраў Мінскага райвыканкама, дзе былі вакансіі. І сапраўды, там мяне прынялі на службу. Толькі адразу накіралі на вучобу ў Мінск на паўгода. Два гады праслужыў ў аддзяленні тылавога забеспячэння (вадзіцелем, потым старшыной), тады яшчэ два — у аператыўна-дзяжурнай службе. Ад радавога міліцыі даслужыўся да старшага сяржанта. Калі ажаніўся, перавёўся ў Вілейскі РАУС на пасаду следчага — было гэта ў жніўні 2008 года. Там атрымаў першае афіцэрскае званне лейтэнанта. Калі быў створаны Следчы камітэт, усіх следчых перавялі туды. Са снежня 2020 года служу ў Мядзеле.

—    Маеце з чым параўноўваць. Наш раён крымінальны?
—    Мядзельскі раён у крымінальным плане значна спакайнейшы за Мінскі і нават за Вілейскі. Хаця… Летась на Мядзельшчыне здарыліся тры забойствы. Для такога ціхага раёна гэта вельмі шмат.
 
—    Ваш шлях у прафесію быў цярністы. Ці ёсць карацейшая дарога да пасады следчага?

—    Ёсць. Каб працаваць у Следчым камітэце, патрэбна вышэйшая юрыдычная адукацыя. Яе можна атрымаць у Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў або ў цывільнай ВНУ. Каб стаць курсантам Акадэміі МУС і потым праходзіць службу ў Следчым камітэце, патэнцыяльным абітурыентам і іх бацькам неабходна да 1 красавіка 2024 года звярнуцца ў райаддзел СК (Мядзел, вуліца 17 Верасня, 2) — да начальніка Яўгенія Мікалаевіча Мягкова (тэлефон 40-6-16) або да намесніка начальніка Вадзіма Часлававіча Пуцэйкі (40-6-15). І лепш не адкладваць гэта: для збору дакументаў і праходжання камісіі патрэбен час.