ПРАЕКТ «Афiцэры Следчага камiтэта: на службе i ў жыццi годны прыклад»: Дзяніс Чумак
26.09.2025
Ва Ушацкім раённым аддзеле Следчага камітэта Дзяніс Чумак – навічок:
разблытваннем злачынстваў займаецца ўсяго 1,5 месяца. Але ж яго
ўпартасць, цікавасць да справы ўжо прыносяць добрыя вынікі. Малады
чалавек прызнаецца, што любіць абраную прафесію.
Ужо з трэцяга класа
ўраджэнец Вяркуд паспяхова ўдзельнічаў у раённых алімпіядах па рускай і
беларускай мовах – настаўнікі прадказвалі, што стане філолагам. Пры
добрай фізічнай форме заўсёды любіў па стадыёне мяч паганяць – не
выключалі спартыўную будучыню. Ну а пасля траплення юнака ў прызы на
алімпіядзе па фінансавай граматнасці раілі банкаўскую справу
разгледзець. Сам жа Дзяніс доўгі час меркаваў пайсці ў педагогіку і ў
перспектыве выкладаць гісторыю.
– Усё вырашыў выпадак, – прызнаецца
малады чалавек. – Калі вучыўся ў 11 класе, у Глыбачанскую школу з
прафарыентацыйнай мэтай прыехаў начальнік райаддзела Следчага камітэта.
Пачутае тады пра Акадэмію МУС і следча-экспертны факультэт, перспектывы
навучання і далейшай службы ў сілавым ведамстве вельмі ўразіла – дамоў
вяртаўся ўжо з думкамі, як буду насіць пагоны. Бацькі ў такім рашэнні
мяне падтрымалі.
З паступленнем у прэстыжную ВНУ краіны ў Дзяніса
праблем не ўзнікла, а вось да будняў у якасці курсанта – з насычаным
графікам навучання, нарадамі – давялося прывыкаць. Прасцей стала з
пачаткам практыкі (праходзіў яе ў сталіцы і тройчы на малой радзіме):
тады канчаткова ўпэўніўся, што з выбарам не памыліўся. Парадаваўся і
размеркаванню ва Ушацкі раённы аддзел Следчага камітэта, пра што марыў з самага
пачатку. Прызнаецца: вельмі спадабаўся калектыў, дзе падтрымка і
ўзаемадапамога – не пустыя словы. У ліку сваіх настаўнікаў наш
субяседнік называе начальніка аддзела Віктара Казлоўскага і старшага
следчага Наталлю Подраз.
Першая яго справа – крадзеж веласіпеда ў
Сарочыне. Яму было цікава ўсё: дапытваць, вывучаць запісы відэакамер,
даказваць віну падазронага. Дэбют атрымаўся паспяховым – дакументы ўжо
гатовы для перадачы пракурору і далейшага накіравання ў суд.
– Цяпер
на вытворчасці ў мяне адразу шэсць крымінальных спраў, прычым, няпростых
(такія звычайна вопытным следчым давяраюць) і ад таго цікавых, –
расказвае Дзяніс. – Напрыклад, разбіраюся ў нюансах крадзяжу з
банкаўскай карткі, здзейсненага непаўналетняй. Для правядзення следчых
дзеянняў неабходна нямала нюансаў улічыць: напрыклад, запрасіць для
допыту не толькі саму дзяўчыну, але і яе законнага прадстаўніка,
педагога-псіхолага, адваката. На разглядзе таксама матэрыялы па факце
распусных дзеянняў у адносінах малалетняй. Дзяўчынку з іншай мясцовасці,
якая падчас летніх канікул адпачывала на Ушаччыне, у мэсанджары
невядомы мужчына распытваў, што яна ведае пра інтым, прасіў даслаць фота
без адзення… Для ўзбуджэння крымінальнай справы і далейшага яе
расследавання зараз трэба даказаць распусны намер чалавека і магчымасць
усведамляць сэнс напісанага самой пацярпелай, а для гэтага правесці
судова-культуралагічную экспертызу паведамленняў. Дарэчы, з зусім юнымі
пацярпелымі следчыя звычайна працуюць завочна: пытанні ў спецыяльна
абсталяваных пакоях задае псіхолаг, а яны сочаць па камерах – каб не
напужаць.
Пакуль герой нашага аповеду – малады спецыяліст, які толькі
набіраецца вопыту. Але ўжо зараз разумее: у прафесіі следчага дробязяў
не бывае: кожная справа – гэта нечы лёс, кожнае рашэнне – адказнасць.
Зараз
Дзяніс жыве ў райцэнтры, але пры любой магчымасці спяшаецца ў Вяркуды –
дапамагае бацькам у дамашніх клопатах. Любіць паглядзець хакей, футбол,
па апошнім відзе і сам выступаў за зборную раёна. Падчас вучобы ў
Акадэміі МУС займаўся самба і рукапашным боем.
Устанавіць ісціну – справа гонару
12.09.2025

Следчы камiтэт

