Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Следчыя Беларусі абмеркавалі з МУС Расіі супрацоўніцтва ў расследаванні кіберзлачынстваў

08.02.2024
Дэлегацыя Следчага камітэта Беларусі на чале з Першым намеснікам Старшыні Алегам Шандаровічам наведала Маскву.

У мерапрыемствах прынялі ўдзел намеснік міністра ўнутраных спраў Расіі - начальнік Следчага дэпартамента МУС Расіі Сяргей Лебедзеў, прадстаўнікі Следчага дэпартамента і Упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва МУС Расіі, а таксама супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства, галоўнага следчага ўпраўлення і міжнародна-прававога аддзела цэнтральнага апарату Следчага камітэта Беларусі. Асноўная мэта сустрэчы - абмен вопытам па арганізацыі расследавання злачынстваў, якія ўчыняюцца з выкарыстаннем інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій.

Першы намеснік кіраўніка следчага ведамства Беларусі расказаў аб практыцы арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва і падзяліўся вынікамі ўзаемадзеяння следчых падраздзяленняў нашай краіны і МУС Расіі па крымінальных справах. Ён звярнуў увагу на значны рост на тэрыторыі Беларусі злачынстваў у інфармацыйнай сферы ў мінулым годзе.

«Схемы ўчынення кіберзлачынстваў становяцца ўсё больш складанымі і вынаходлівымі, злачынцы дзейнічаюць адначасова з тэрыторый розных дзяржаў і прадаўжаюць удасканальваць спосабы забеспячэння сваёй сеткавай ананімнасці. У сённяшніх рэаліях адэкватна процістаяць названым злачынствам магчыма пры ўмове аб’яднання намаганняў праваахоўных органаў нашых дзяржаў», - падкрэсліў Алег Шандаровіч.

Сяргей Лебедзеў адзначыў, што, нягледзячы на павелічэнне колькасці проціпраўных дзеянняў з выкарыстаннем інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій на тэрыторыі Расіі, прынятыя меры далі магчымасць істотна скараціць тэмпы прыросту дыстанцыйных крадзяжоў.

На сустрэчы адзначана запатрабаванасць узаемнага дыялогу, абумоўленая стратэгічным партнёрствам Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы, неабходнасцю вырашэння задач па абароне нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйным асяроддзі, аб’яднання намаганняў у сферы барацьбы са злачыннасцю ў віртуальнай прасторы. Бакі абмеркавалі меры, якія прымаюцца дзвюма дзяржавамі, па барацьбе з адным з самых распаўсюджаных відаў арганізаванай злачыннай дзейнасці, вызначылі агульныя пазіцыі, а таксама абмяняліся станоўчым вопытам па раскрыцці такіх злачынстваў.

Крыніца: БелТА.