Следчыя высвятляюць абставіны выпадзення дзіцяці з акна ў Брэсцкай вобласці
01.06.2018
У аператыўна-дзяжурную службу аддзела ўнутраных спраў Кобрынскага райвыканкама 31 мая бягучага года прыкладна ў 14 гадзін 20 хвілін з установы аховы здароўя паступіла паведамленне аб тым, што на лячэнне з рознымі траўмамі трапіла трохгадовае дзіця.
Паводле дадзенага паведамлення на месца здарэння была накіравана следча-аператыўная група, якой было ўстаноўлена, што ў гэты дзень дзіця знаходзілася ў кватэры са сваімі братам, сястрой, маці і цёткай. Маці дзяцей, знаходзячыся з імі ў пакоі, кантроль за іх паводзінамі не здзяйсняла, а цётка знаходзілася ў кухні.
У гэты час трохгадовае дзіця забралася на стол, што стаяў ля акна, затым на падваконнік і, зачапіўшыся за гаршчок з пакаёвай раслінай, выпала ў адчыненае акно. Кватэра, у якой пражывае сям'я, знаходзіцца на пятым паверсе.
У выніку здарэння дзіцяці нанесены цялесныя пашкоджанні, з якімі яно шпіталізавана. Па дадзеным факце Кобрынскім раённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка.
Нагадваем бацькам пра тое, што ў жылых памяшканнях, у якiх пражываюць малалетнія дзеці, неабходна забяспечыць размяшчэнне мэблі такім чынам, каб гэта не дазволіла дзецям забрацца на падваконнікі, а таксама абсталяваць вокны прыладамі, якія будуць замыкаць вокны, з мэтай недапушчэння выпадзення дзяцей.
Таксама нагадваем аб неабходнасці пастаяннага кантролю за месцазнаходжаннем дзяцей, асабліва ў перыяд летніх вакацый. Падавайце сваім дзецям прыклад правільных паводзінаў!
Афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці
Дзмітрый Іванюк
Устанавіць ісціну – справа гонару
12.09.2025

Следчы камiтэт

