Следства вядуць жанчыны
12.09.2023
У раенным аддзеле Следчага камітэта побач з мужчынамі працуюць прадстаўніцы слабой паловы чалавецтва. І выдатна спраўляюцца са службовымі абавязкамі, карыстаюцца павагай у калег. Мае суразмоўцы — жанчыны-афіцэры: капітан юстыцыі Інэса БЫЧКЕВІЧ і маёр юстыцыі Ірына БЕРНЯКОВІЧ. І гутарка наша — пра асаблівасці прафесіі следчага.
— Адразу давайце пазнаёмімся. Раскажыце крышку пра сябе.

Інэса:
— Я — ураджэнка Брэсцкай вобласці, з горада Івацэвічы. Пасля заканчэння школы паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Падчас навучання, калі праходзіла практыку, пазнаёмілася з работай следчых. Гэта прафесія зацікавіла мяне. Была адразу вольнанаёмнай у аддзеле Следчага камітэта Маскоўскага раёна горада Мінска. Пасля несла службу ў Валожынскім раённым аддзеле Следчага камітэта. У Мядзеле — з 2021 года.
Ірына:
— Я родам з суседняга Вілейскага раёна. На Мя-дзельшчыну трапіла па размеркаванні ў 2007 годзе. Пачынала юрысконсультам у сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў Лук’янавічах. Пасля працавала юрысконсультам у аддзеле адукацыі. Завочна закончыла юрыдычны факультэт у Міжнародным універсітэце працоўных і сацыяльных адносін. У 2013 годзе мяне запрасілі на працу ў Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта. З таго часу тут і нясу службу, зараз — на пасадзе старшага следчага аддзела.
— Як вам наша сінявокая Мядзельшчына? Чым скарыла?
Інэса:
— Мядзельшчына — прыгожы азёрны край. Цудоўныя, унікальныя мясціны. Да іх адразу пранікаешся лю¬боўю. Хаця не забываю і пра сваю малую радзіму. Па магчымасці наведваюся туды. Хочацца пабачыць бацькоў, якія ва ўсім мяне падтрымліваюць, сяброў. Там і клімат зусім іншы, і ўсё сваё, роднае.
Ірына:
— За працяглы час, што жыву ў Мядзеле, палю¬біла горад і лічу сваім. Тут сям’я, сябры, любімая работа. А малая радзіма — побач. Яе таксама не забываю.
Інэса:
— Мне падабаецца падарожнічаць па Беларусі. У вольны час, хоць яго і не так шмат, імкнулася пазнаваць і Мя¬дзельскі раён — прыгожыя краявіды, гістарычныя мясціны. Пераканана, што адметнасць, унікальнасць нарачанскай зямлі важна цаніць і пастарацца захаваць для нашчадкаў.
— Чаму спынілі свой выбар на прафесіі следчага?
Інэса:
— Я выбрала прафесію яшчэ ў дзяцінстве. Хутчэй пад уражаннем ад кніг, кінафільмаў. Зачытвалася прыгодамі герояў твораў Артура Конана Дойла — знакамітых Шэрлака Холмса і доктара Ватсана, дэтэктывамі Агаты Крысці. Ды і кінастужкі, дзе паказваліся эксперты, следчыя, якія ўмела распутвалі складаныя справы, заўсёды выклікалі захапленне. Хацелася і сябе ўбачыць на іх месцы. У мяне ўсё атрымалася: цяпер сама расследую крымінальныя справы.
Ірына:
— Стала следчым не дзеля рамантыкі. Запрасілі, прыйшла і аб гэтым не шкадую. Работа цікавая, адказная, падабаецца. Калі пачынала, раённы аддзел узначальваў Аляксандр Мікалаевіч Зямніцкі — добры кіраўнік, цудоўны чалавек. Тады калектыў быў пераважна мужчынскі. За гады службы шмат начальнікаў памянялася, але з усімі працуецца камфортна, усе — прафесіяналы сваёй справы. У адрозненне ад пасады юрысконсульта, якая больш звязана з паперамі, цяпер мая работа — жывая і датычыць розных сітуацый, лёсу людзей.
— Прафесія следчага, якая яна?
Інэса:
— Адказная, карпатлівая, напружаная, складаная і разам з тым важная і патрэбная. Галоўная задача следчага — давесці пачатую крымінальную справу да канца, раскрыць яе. І пры гэтым дакапацца да ісціны, зрабіць справядліва, па Законе. Вельмі важна, каб чалавек, які ўчыніў злачынства, панёс заслужанае пакаранне. Кожная справа — новы вопыт, унікальны, бясцэнны. Яго бярэш пастаянна на заметку, глядзіш на сітуацыю знутры. За кожнай справай, якая табе даручана, — чалавечыя лёсы, якія проста недаравальна паламаць няправільным рашэннем.
Ірына:
— Работа патрэбная і адказная. Пакуль ёсць у свеце злачыннасць, будуць і следчыя. Работа следчага не толькі з дакументамі. Гэта і выезды на месцы здарэнняў у любы час сутак, гэта і агляд трупаў, наступстваў страшных ДТЗ і шмат што іншае. Нават ведучы заблытаную справу, не маеш права на памылку, бо перад табой лёс канкрэтнага чалавека. Ты не можаш прыняць нічый бок. Павінен кіравацца выключна літарай Закона.
Інэса:
— У нашай рабоце няма дробязей, кожная зачэпка павінна быць на ўліку, любая, нават здавалася б, нязначная дэталь. З іх затым і вымалёўваецца рэальная сітуацыя на месцы здарэння.
Ірына:
— Наша работа грунтуецца на зборы фактаў, доказаў з наступным іх абагульненнем. Вельмі важна, каб, злучыўшы іх у адно цэлае, атрымаць рэальную карціну здарэння.
— А эмоцыі? Яны адыгрываюць нейкую ролю?
Інэса:
— Без эмоцый немагчыма. Мы ж — таксама людзі. Практычна кожная сітуацыя праходзіць праз сэрца. Даводзіцца выязджаць на розныя справы — на пажар, дзе чакае абгарэлы труп, на забойствы, крадзяжы, дарожна-транспартныя здарэнні… Іншы раз едзеш і зусім не ўяўляеш, з чым сутыкнешся.
Ірына:
— Згодна, што эмоцыі і нам уласцівы. Проста на месцы здарэння трэба ўмець адкінуць ўсё, што перашка¬джае нармальнай працы, у тым ліку і эмоцыі, што мы і робім. Гэта дазваляе супакоіц¬ца, сканцэнтравацца, каб не прапусціць штосьці важнае. Падчас допыту затрыманага, пацярпелага, сведак таксама стараемся паводзіць сябе спакойна, заставацца стрыманымі, каб не нашкодзіць ходу расследавання.
Інэса:
— Што датычыць эмоцый, то існуюць розныя меркаванні. Адны кажуць, што нічога не трэба браць да галавы. Іншыя — каб лепш разабрацца ў сітуацыі, яе неабходна прапусціць праз сябе. Я ж лічу, што залішне нельга паддавацца эмоцыям. Выпадкі бываюць розныя. Ва ўсё трэба дэталёва паглыбіцца, разабрацца. Гэта і дапаможа прыняць па справе справядлівае рашэнне.
Ірына:
— Эмоцыі эмоцыямі, але важна памятаць, што пакуль віна затрыманага не даказана, ён толькі падазраваны. І самае галоўнае — на першым месцы павінен быць Закон.
Устанавіць ісціну – справа гонару
12.09.2025

Следчы камiтэт

