Службовыя асобы Смаргонскай раённай ветэрынарнай станцыі падазраюцца ў атрыманні хабару
09.09.2014
Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да службовых асоб дзяржаўнай установы «Смаргонская раённая ветэрынарная станцыя».
Кіраўнік установы – галоўны ветэрынарны ўрач раёна, а таксама загадчыца лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы падазраюцца ў атрыманні хабару.
Вызначана, што службовыя асобы атрымалі ад прадстаўніка прыватнага гандлёвага прадпрыемства грашовыя сродкі за неажыццяўленне належнага ветэрынарнага кантролю за забоем жывёлы і рэалізацыяй мясной прадукцыі пакупнікам.
Крымінальная справа ўзбуджана па выніках аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, праведзеных сумесна УКДБ па Гродзенскай вобласці і УБЭЗ УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Дзеянні службовых асоб кваліфікаваны паводле ч. 2 арт. 430 (Атрыманне хабару групай асоб) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, з імі працуюць следчыя.
У гэты момант правяраецца інфармацыя аб сістэматычнасці атрымання незаконных грашовых узнагароджанняў затрыманымі асобамі.
Для даведкі: Згодна з дзеючымі ветэрынарна-санітарнымі правіламі, рэалізацыя жывёл і прадукцыі жывёльнага паходжання можа праводзіцца пакупнікам толькі ў выпадках забою жывёл у забойным цэху. Гэта патрабаванне неабходна для забеспячэння бяспекі прадуктаў харчавання. У дадзеным выпадку хабар прызначаўся за магчымасць рэалізацыі мясной прадукцыі, вырабленай не на вытворчых прадпрыемствах.
Устанавіць ісціну – справа гонару
12.09.2025

Следчы камiтэт

