Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

У Магілёве завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб прафесійна-тэхнічнага вучылішча

13.06.2018
УСК па Магілёўскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да дырэктара ўстановы адукацыі «Магілёўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу №2 дрэваапрацоўкі» і яго дваіх намеснікаў.

Следствам устаноўлена, што абвінавачаныя, высвятляючы ў шасцярых выхаванцаў установы адукацыі абставіны і прычыны самавольнага сыходу з тэрыторыі вучылішча, перавышаючы свае службовыя паўнамоцтвы, збілі непаўналетніх, а затым арганізавалі незаконнае размяшчэнне іх у бацькоўскі пакой да раніцы наступнага дня, абмежаваўшы тым самым іх волю.

Акрамя таго, устаноўлена, што адзін з выхаванцаў, 2001 года нараджэння, за парушэнне правілаў унутранага распарадку сістэматычна збіваўся.

Службовым асобам прад'яўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (перавышэнне службовых паўнамоцтваў, учыненае з іншай асабістай зацікаўленасці, спалучанае з гвалтам і абразай пацярпелага).

У ходзе расследавання крымінальнай справы былі выяўлены і іншыя супрацьпраўныя дзеянні дырэктара установы.

Так, напрыклад, у верасні 2016 абвінавачаны, кіруючы службовым аўтамабілем, якія належыць УА «МДСПТВ№2», здзейсніў наезд на малалетнюю дзяўчынку 2009 г.н., прычыніўшы ёй па неасцярожнасці менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

А ў перыяд з верасня 2016 года па сакавік 2017 года абвінавачаны сістэматычна даваў незаконныя ўказанні падначаленым яму па службе работнікам і выхаванцам вучылішча аб арганізацыі і выкананні ў яго асабістых мэтах розных прац, у тым ліку з выкарыстаннем службовага транспарту.

Вышэйназваныя дзеянні следствам кваліфікаваныя па ч.1 арт.317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання) і ч.2 арт.424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
 
Падчас расследавання крымінальнай справы следчымі праводзілася работа па зборы і замацаванню доказнай базы, дапытваліся сведкі і пацярпелыя.

Мера стрымання, ужытая да абвінавачаных, застаецца ранейшай - заключэнне пад варту.

Крымінальная справа пракурорам накіравана ў суд.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці
Аксана Салянюк