У Мінскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы па фактах выкрадання чалавека і выкарыстання рабскай працы
16.05.2018
Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 35-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка, які абвінавачваецца ў выкраданні чалавека ў мэтах працоўнай эксплуатацыі.
Крымінальная справа ўзбуджаная на падставе матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі аддзела па супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Мінаблвыканкама.
Па дадзеных следства абвінавачаны, пагражаючы фізічнай расправай, прымушаў мужчыну працаваць на яго прысядзібным участку і даглядаць за жывёламі.
30-гадовы пацярпелы, не маючы пастаяннага заробку, пачаў падпрацоўваць у прадпрымальніка два гады таму. Праз некаторы час той стаў прымушаць мужчыну прыходзіць да яго працаваць бясплатна. Абвінавачаны прыязджаў да работніка дадому ў суседнюю вёску, збіваў, запалохваў, неаднаразова выкрадаў і сілком прывозіў да сябе на ўчастак у багажніках аўтамабіляў.
Некалькі разоў фігурант, супраць волі пацярпелага, утрымліваў яго ўсю ноч у хлеве з дапамогай металічнага ланцуга з замком. Пры спробе адмовіцца ад выканання гаспадарчых работ мужчыну збівалі.
Следствам дапытаныя сведкі, праведзеныя праверкі паказанняў на месцы, атрыманы заключэнні судовых экспертыз.
У ходзе праведзеных аглядаў і ператрусаў па месцы жыхарства фігуранта канфіскаваныя паляўнічая гладкаствольная зброя з боепрыпасамі да яе, дробнакаліберныя патроны і бляшанкі з порахам. Акрамя таго, знойдзены выкрадзены пашпарт на імя пацярпелага.
Па выніках расследавання дзеянні абвінавачанага кваліфікаваны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у ліку якіх наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, выкарыстанне рабскай працы, выкраданне чалавека, крадзеж пашпарта, незаконныя дзеянні ў дачыненні да боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.
У дачыненні да абвінавачанага ўжыта мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Устанавіць ісціну – справа гонару
12.09.2025

Следчы камiтэт

