Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

У Мінску завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да генеральнага дырэктара і галоўнага інжынера ААТ «ДАРОРС»

07.06.2018
Следчым упраўленнем УСК па г. Мінску завершана расследаванне крымінальных спраў па абвінавачванні генеральнага дырэктара і галоўнага інжынера ААТ «ДАРОРС» у здзяйсненні карупцыйных злачынстваў.

Па дадзеных следства, службовыя асобы з чэрвеня 2016 года па кастрычнік 2017 года за кошт сродкаў прадпрыемства на станцыі тэхабслугоўвання рамантавалі аўтамабілі, якія належаць ім і іх блізкім: BMW 525, BMW Х5, Volkswagen Passat B6 і Chevrolet Cruze. Пры гэтым у бухгалтэрыю падаваліся загадзя падробленыя дакументы аб выкананых работах нібыта ў службовых транспартных сродках ААТ «ДАРОРС» на агульную суму больш за 11,8 тысяч рублёў. Атрыманыя доказы аб дачыненні абвінавачаных да 9 аналагічных фактаў.

Супрацьпраўная дзейнасць фігурантаў спынена супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС. У ходзе расследавання да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, на маёмасць накладзены арышт.

Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваны па ч. 2 арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, паўторна, групай асоб па папярэдняй змове) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Галоўны інжынер раскаяўся ў зробленым, садзейнічаў следству і кампенсаваў шкоду. Ім заяўлена хадайніцтва аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці па падставах, прадугледжаных арт. 88-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы ў дачыненні да яго вылучаныя ў асобную вытворчасць. Генеральны дырэктар сваю віну не прызнаў.

Крымінальныя справы перададзеныя пракурору.

Даведачна: Артыкул 88-1 (вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотнымі кампенсацыяй нанесенага ўрону (шкоды), выплатай даходу, атрыманага злачынным шляхам) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь

1. Асоба, якая ўчыніла злачынства, што пацягнула прычыненне ўрону дзяржаўнай уласнасцi або маёмасцi юрыдычнай асобы, доля ў статутным фондзе якой належыць дзяржаве, альбо істотнай шкоды дзяржаўным або грамадскiм iнтарэсам i не звязанае з замахам на жыццё або здароўе чалавека, можа быць вызвалена ад крымінальнай адказнасці ў парадку, устаноўленым заканадаўчым актам, калi яна добраахвотна вярнула прычынены ўрон (шкоду), заплаціла даход, атрыманы злачынным шляхам, а таксама выканала іншыя ўмовы вызвалення ад крымінальнай адказнасці, прадугледжаныя заканадаўчым актам.

2. Вызваленне ад крымінальнай адказнасці, прадугледжанае часткай 1 гэтага артыкула, можа быць прыменена таксама да асобы, якая ўчынiла некалькi злачынстваў з лiку ўказаных у частцы 1 гэтага артыкула, калi ўмовы вызвалення ад крымiнальнай адказнасцi выкананы гэтай асобай адносна да кожнага са злачынстваў.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па г. Мінску
Марына Дранькова