Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

У Віцебску бацька і сын падазраюцца ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства

25.06.2018
Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа аб асабліва злосным хуліганстве, у выніку якога пацярпелі пяць чалавек.

Падазраванымі па крымінальнай справе з'яўляюцца бацька і сын, якія раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

Устаноўлена, што ў ноч на 24 чэрвеня сын знаходзіўся ў кафэ пгт. Руба, дзе ўступіў у канфлікт з кампаніяй маладых людзей. Для аказання дапамогі ён выклікаў бацьку, які прывёз з сабой біту і нож.

Пасля двух гадзін ночы ў кафэ адбылася бойка, у выніку якой бацька і сын, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, з хуліганскіх падахвочванняў, выкарыстоўваючы малазначную нагоду ў выглядзе канфлікту, які быў раней, бязладна наносілі ўдары наведвальнікам кафэ.

З траўмамі рознай ступені цяжкасці, у тым ліку нажавым раненнем, у медыцынскую ўстанову дастаўлена чатыры чалавекі ва ўзросце ад 21 да 26 гадоў, якім аказваецца медыцынская дапамога.

Нягледзячы на тое, што з месца злачынства падазраваныя схаваліся, пазней яны былі затрыманыя супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

Пры гэтым, 30-гадовы сын, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці, пераапрануўшыся, раніцай 24 чэрвеня самастойна звярнуўся ў медыцынскую ўстанову з траўмай галавы, а затым у міліцыю з заявай аб прыцягненні да адказнасці неўстаноўленых асоб, якія збілі яго ў кафэ.

Следчымі акрамя агляду месца злачынства, праведзены агляд аўтамабіля Volkswаgen Golf, на якім перасоўваўся падазраваны. Падчас агляду знойдзены сляды крыві і адрэзак жалезнай трубы. Таксама зроблены агляд дома ў Віцебскім раёне, дзе пражывае 49-гадовы падазраваны (бацька). У выніку агляду выяўлены прадметы адзення і абутку са слядамі крыві, якія канфіскаваныя для правядзення экспертыз.

Прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы, якія вызначаць ступень цяжкасці і лакалізацыю цялесных пашкоджанняў у пацярпелых і падазроных. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці
Святлана Сахарава