Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Узаемавыгаднае супрацоўніцтва: у Следчым камітэце Беларусі адбылася чарговая сустрэча з прадстаўнікамі ФБР

26.04.2019
На днях у рамках раней дасягнутых дамоўленасцей адбыўся чарговы візіт супрацоўнікаў ФБР ЗША ў Следчы камітэт Беларусі. У ходзе візіту праведзены рабочыя сустрэчы, на якіх абмяркоўваліся пытанні міжнароднага супрацоўніцтва па процідзеянні новым выклікам і пагрозам у інфармацыйнай прасторы.

Таксама гаворка ішла аб двухбаковым супрацоўніцтве пры расследаванні шэрага крымінальных спраў, якія знаходзяцца ў вытворчасці ўпраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі. Па адной з крымінальных спраў па абставінах незаконнага выкарыстання шкоднага праграмнага забеспячэння, а таксама раскрадання грашовых сродкаў з рахункаў амерыканскіх кампаній на агульную суму больш за 1,3 мільёна долараў ЗША, праваахоўнікі двух краін абмяняліся меркаваннямі адносна атрымання дадатковых доказаў. 


Сумеснымі намаганнямі амерыканскіх і беларускіх праваахоўнікаў плануецца правесці мерапрыемствы і працэсуальныя дзеянні, у выніку якіх устанавіць усіх удзельнікаў міжнароднай злачыннай групы. Некаторыя ўдзельнікі дадзенай групы, дарэчы, ужо прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за здзейсненыя імі злачынства на тэрыторыі Беларусі і адбываюць назначанае ім судом пакаранне, звязанае з пазбаўленнем свабоды. 

У ходзе візіту ў поўным аб'ёме таксама выканана просьба аб аказанні прававой дапамогі, якая паступіла з кампетэнтнай установы юстыцыі ЗША. Дадзеныя беларускімі следчымі звесткі дазволяць амерыканскім калегам прадоўжыць далейшую работу па ўстанаўленні абставін учынення гэтага і іншых злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі.

Дадзены візіт з'яўляецца дэманстрацыяй эфектыўнага і канструктыўнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння праваахоўнікаў дзвюх краін у рамках падпісанага 30 студзеня 2018 года ў штаб-кватэры ФБР у Вашынгтоне Старшынёй Следчага камітэта Беларусі Іванам Наскевічам і намеснікам дырэктара ФБР ЗША Полам Эбэйтам мемарандума аб узаемаразуменні.

Аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю