Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Валянцін Шаеў наведаў ААТ «Гомельтранснафта Дружба» і адказаў на пытанні работнікаў прадпрыемства

15.04.2015
Старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Валянцін Шаеў правёў прыём грамадзян у Гомельскай вобласці. 

Кіраўнік ведамства наведаў ААТ «Гомельтранснафта Дружба», якое з'яўляецца часткай транснацыянальнай нафтатранспартнай сістэмы. Работнікі прадпрыемства, якія прыйшлі на прыём, цікавіліся ў генерал-маёра юстыцыі законапраектам аб амністыі ў гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аб сувязі паміж сацыяльным утрыманствам і ўзроўнем крыміналізацыі грамадства, аб ходзе папярэдняга расследавання некаторых рэзанансных крымінальных спраў. 

Адказваючы на пытанне аб амністыі, Кіраўнік ведамства паведаміў, што «законапраект аб амністыі знаходзіцца на апошняй стадыі прапрацоўкі». 

«Усе, хто прыняў удзел у распрацоўцы законапраекта, выказаліся супраць амнісціравання асуджаных за збыт наркатычных сродкаў» – дадаў Валянцін Шаеў. 

Каменціруючы нядаўна прыняты Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», генерал-маёр адзначыў, што значная частка злачынстваў у рэспубліцы ўчыняецца людзьмі, якія нідзе не працуюць і не навучаюцца. 

«У працуючага чалавека няма неабходнасці здабываць сабе сродкі для існавання злачынным шляхам - учыняць крадзяжы, грабяжы, разбойныя нападзенні. Працоўны чалавек, як правіла, не мае столькі вольнага часу, які можна патраціць на сумніўныя заняткі – пайсці ў запой, груба парушыць грамадскі парадак», – падкрэсліў Кіраўнік ведамства. 

На думку Старшыні, з пункту гледжання Следчага камітэта асноўным станоўчым эфектам ад рэалізацыі Дэкрэта павінна стаць чаканае зніжэнне злачыннасці. 

Пасля заканчэння прыёму грамадзян Кіраўнік ведамства азнаёміўся з дзейнасцю ААТ «Гомельтранснафта Дружба», асаблівасцямі абслугоўвання магістральных нафтаправодаў, кадравай палітыкай прадпрыемства.