Галоўная Узаемадзеянне са СМІ Навіны

Завершаны следчыя дзеянні па справе аб подкупе футбалістаў чэмпіянату Беларусі

23.01.2017
Галоўным упраўленнем па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі завершана расследаванне крымінальнай справы аб перадачы грашовых сродкаў ігракам каманд Вышэйшай і Першай ліг чэмпіянату Беларусі па футболе за забеспячэнне неабходнага выніку ў шэрагу матчаў.

Як перадавалася раней, па дадзеных следства, грамадзяне Украіны і Расіі перадавалі, у тым ліку праз пасрэднікаў, грошы футбалістам каманд чэмпіянату Беларусі, якія павінны былі паўплываць на вынік. У далейшым ставіліся буйныя сумы ў зарубежных букмекерскіх канторах на зыход матчу з мэтай атрымання даходу.

У ходзе расследавання пры цесным узаемадзеянні з галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС і Асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола» быў вызначаны яшчэ адзін факт давання і атрымання ўзнагароджання за аказанне ўплыву на вынік матчу. Акрамя ўпамянутых у папярэдніх паведамленнях матчаў, у матэрыялах справы фігуруе таксама паядынак Кубка Беларусі з удзелам ФК «Граніт».

У якасці абвінавачваных па крымінальнай справе праходзяць 20 людзей (у тым ліку былы футбаліст клуба «Граніт»), у дачыненні да пяці з іх вытворчасць па крымінальнай справе спынена на падставе п.3 ч.1 арт.30 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у сувязі з дзейным раскаяннем).

Усе абвінавачваныя далі прызнальныя паказанні і кампенсавалі дзяржаве незаконна атрыманы даход. 

Акрамя таго, следствам рыхтуецца прадстаўленне ў адрас старшыні Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў.

У цяперашні час фігуранты знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Пасля завяршэння дадзенай працэдуры ва ўстаноўленыя законам тэрміны (не больш за месяц) плануецца перадача крымінальнай справы па абвінавачанні 15 людзей пракурору для напрамку ў суд.